Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Ізраілю адклікала пасла зь Беларусі для кансультацыяў


Радыё Свабода Міністар замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні рэзка скрытыкавала антысэміцкія заўвагі Аляксандра Лукашэнкі, выказаныя ім на мінулым тыдні на прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі рэгіянальнымі журналістамі. Пра гэта паведамляецца сёньня ў адмысловым прэс-рэлізе міністэрства.

Міністар заявіла, што “роля кіраўнікоў дзяржаваў - змагацца з антысэмітызмам, дзе б ён толькі ні ўздымаў сваю агідную галаву, ва ўсім сьвеце, а не заахвочваць яго! Антысэмітызм - гэта перадусім індыкатар грамадзтва, у якім ён узьнікае, і яго кіраўнікоў”.

Пасол Беларусі Ігар Ляшчэня выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Ізраілю, дзе яму будзе паведамлена пра пазыцыю ізраільскага боку.

Як паведамляе газэта “Гаарэц”, таксама сёньня ізраільскі амбасадар у Беларусі Зэеў Бэн-Ар''е быў адкліканы ў Ізраіль для кансультацыяў у справе згаданага інцыдэнту.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 12 кастрычніка кіраўнік Беларусі заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі".

XS
SM
MD
LG