Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сядзібе БНФ - беларускі кліпаматограф


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на сядзібе БНФ у Менску пачаўся фэст “Кліп-марафон” – паказ рарытэтных і новых беларускамоўных музычных ролікаў. Тут можна пабачыць кліпы гуртоў Крамбамбуля, Харлі, Гарадзкія, Новае неба, Партызанская школа, Бонда, ZigZag і іншых.

Адзін з яго арганізатараў фэстывалю Франак Вячорка, кажа, што гэтая імпрэза, сярод іншага, павінная папулярызаваць творчасьць забароненых беларускіх музыкаў.

“Мы пакажам найлепшыя кліпы за апошнія 15 гадоў Беларусі. Гэта будуць кліпы беларускамоўных выканаўцаў. Гэта будуць выканаўцы, якія ніколі не паказвалі сваю творчасьць. Чакаюцца рарытэты, чакаюцца прэм’еры. Апроч традыцыйна апальных беларускіх музыкаў удзел у фэстывалі прымуць кліпы “Песьняроў”, яны далі на гэта афіцыйную згоду. Кліпы “Джэй-морса”, якія апошнім часам спрабуюць дыстанцыянаваць сябе ад палітычна актыўных гуртоў”.

Наведнікі фэстывалю, якім раздаюць бюлетэні для галасаваньня, маюць абраць найлепшыя кліпы. Пераможцы атрымаюць пазалочаныя талеркі з сымболікай фэсту і ганаровыя дыплёмы.

Сёньня праходзілі конкурсы ў дзьвюх намінацыях – фольк і лірыка. Пераможцы атрымаюць права прэзэнтаваць свой кліп на кружэлцы DVD, якую арганізатары плянуюць выдаць пасьля фэстывалю. Фэст кліпаў мусіць паехаць па розных залях Беларусі.

Адам Птушка – аўтар ідэі фэстывалю.

“Мы пачалі кампанію па зборы подпісаў. Цяпер можна прыходзіць на ўправу БНФ і падпісвацца за абарону музыкаў. Адной з частак гэтай кампаніі намі й быў прыдуманы “Кліп-марафон”.

“Гэта будзе партызанская вайна за кліпы любімых выканаўцаў”

Усе кліпы прадстаўленыя ў 9-ці намінацыях. Сярод іх, напрыклад, анімацыйны, лірычны, чорна-белы ці новага пакаленьня. Па-за конкурснай праграмай – намінацыя "прэм’ера".

Стваральнік шэрагу кліпаў Павал Сьвярдлоў падчас адкрыцьця фэстывалю сказаў:

“Шоў-бізнэс ня толькі ёсьць, але ён разьвіваецца ўсё больш імкліва з кожным годам. Калі кліпы зьнятыя ў Беларусі ў 2000 годзе можна было пералічыць па пальцах, дык у 2004 годзе ўжо было зьнята каля 50 кліпаў на песьні беларускіх выканаўцаў. У 2005 – каля 70-ці. У 2006 – за сотню. І гэты рост, гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Кліпаў з кожным годам становіцца ўсё больш і больш.

Так, кліпы немагчыма паказаць па тэлевізіі, але іх можна запісаць на флэшку на кампакт-дыск, выкладаць у сеціве, капіяваць і паказваць сябрам і гэта будзе партызанская вайна за кліпы любімых выканаўцаў”.

Першы айчынны кліп быў зьняты ў 1990 годзе – кліп “Храмы падаюць” гурту “Рэй”. На адкрыцьці можна было пабачыць кліп “Бонды” “На станцыі Койданава” і кліп “Я – рок-музыкант” гурта “Мроя”.

Гледачы маглі выказвацца адносна беларускіх кліпаў. Адзін з іх сказаў:

“Напрыклад, кліп “Крамы” “Майн фатэрланд аўфвідэрзэен” – вельмі цікавы, уражвае сваёй думкай. Чаго не хапае ў тых жа расейскіх і замежных кліпах? Менавіта думкі нейкай.Там яны вельмі яскравыя, запамінальныя. Але беларускія кліпы адрозьнівае, як і беларускую музыку тое, што яны сапраўды зь нейкай думай”.

ВЫВАД -- Фэст працягнецца заўтра ўвечары.

Алесь Дашчынскі, Менск



Павал Сьвярдлоў: “Я ня ведаю ніводнага папсовага беларускага кліпу. Прычына ў адмоўным стаўленьні ўладаў да беларускай мовы і альтэрнатывы”.



Франак Вячорка дэманструе ўзнагароду: ”Кліпы зьбірала нашая моладзь. Сёньня дзень адкрыцьцяў беларускага кліпаматографа”.



Фрагмэнт кліпу “Капітал” гурта “Ляпіс Трубецкой”



Гледачы абіраюць лепшыя кліпы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG