Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятаслаў Вакарчук, лідэр “Океан Эльзи”: “Лічу, што лёс краіны важнейшы за ўсё астатняе”


Юры Дракахруст, Прага Сьвятаслаў Вакарчук – лідэр ўкраінскай рок-групы “Океан Эльзи”, адной з самых папулярных у сваёй краіне і далёка за яе межамі. Сёлета група выступала з гастролямі ў Беларусі. Сьвятаслаў быў актыўным ўдзельнікам “аранжавай” рэвалюцыі 2004 году. Сёлета быў абраны ў Вярхоўную Раду ад блёку “Наша Украіна-Народная абарона”. Паводле ацэнак экспэртаў уваходзіць у сотню самых уплывовых людзей Украіны. Сёньня Сьвятаслаў Вакарчук – госьць беларускай Свабоды.

Дракахруст: “Сьвятаслаў, Вы сканчалі фізфак Львоўскага унівэрсытэту, нават абаранілі дысэртацыю па тэарэтычнай фізіцы “Супэрсімэтрыя электронаў у магнітным полі”. Як і чаму Вас раптам прыцягнула “магнітнае поле” мастацтва, ці атрымліваецца ў Вас “праверыць алгебрай гармонію”?

Вакарчук: "Па-першае, я хачу сказаць, што я не абараніў дысэртацыю, а толькі напісаў яе. Але спадзяюся, што найбліжэйшым часам я здолею яе абараніць. Па-другое, шляхі Гасподні неспавядальныя, таму як мяне прыцягнула да музыкі, мне сказаць цяжка. Я проста зразумеў у нейкі момант, што інакш не магу. Але матэматыку і фізыку не забываю і люблю іх".

Дракахруст: “Вы былі на гастролях у Беларусі, кантактавалі з публікай. Якія ў Вас уражаньні ад Беларусі і беларусаў, чым яны падобныя, а чым адрозныя ад Вашых суайчыньнікаў?”

Вакарчук: "Я думаю, што беларуская публіка вельмі адкрытая і шчырая. Гэтым мне яна нагадвае нашу публіку. Што тычыцца адрозьненьняў, то магчыма песьні, якія сьпяваюць на плошчах ва Ўкраіне і ў Беларусі, калі мы выступаем, тыя самыя, але сьпяваюцца з крыху большым акцэнтам. Вось і ўсё".

Дракахруст: “А якія радкі зь якой вашай песьні для Вас самыя чульлівыя?”

Вакарчук: "Шмат песень, якія блізкія мне, пранікнёныя, чульлівыя. Але найбліжэй, як правіла, тыя, якія яшчэ ня выйшлі ў эфір. З тых, што выйшлі, песьня "Ночы і дні" - адна з маіх улюбёных і найбольш блізкіх".

Дракахруст: “Што зь беларускае літаратуры і музыкі Вы б адзначылі, што Вас зацікавіла?”

Вакарчук: "Скажу Вам шчыра, што вельмі добра сучасную беларускую культуру я ня ведаю. І ўсё, што мне вядома, гэта выступы тых музыкаў, якія шырока вядомыя ў нас ва Ўкраіне. Але беларуская культура як такая мне заўжды была цікавая, я вельмі люблю легендарную групу "Песьняры", у мяне ёсьць іх музыка. Што тычыцца сучасных груп, то безумоўна мы знаёмыя і сябруем з групай "Ляпіс", а таксама імкнёмся слухаць нешта новае, але пакуль я нічога больш Вам, на жаль, назваць не змагу".

Дракахруст: “Сышлі ў мінулае часы, калі кампартыя дыктавала мастаку, што трэба і што нельга пісаць, маляваць ці сьпяваць? Але ці стаў мастак, у прыватнасьці, Вы, свабодным? Я прыяжджаў у Кіеў падчас Вашых апошніх выбараў і калі ехаў з аэрапорту , убачыў цікавы прыдарожны білбард: палова – выбарчы плякат Цімашэнкі , а палова – “Купляйце тэлевізары LG”. Цікавы сымбаль: Цімашэнка , LG, Вакарчук – усё на продаж. Пэўна , у вытворцаў тэлевізараў такая дыктатура рынку не спараджае маральных праблем. А ў Вас?”

Вакарчук: "Ну па-першае, майго прозьвішча і майго твару Вы там нідзе ня бачылі. Гэта па-першае. А па-другое, я б не пераводзіў усё на камэрцыйны лад, бо ва Ўкраіне зараз кожны голас, кожная душа патрэбная, каб зрабіць будучыню лепшым. І я шчыра лічу, што трэба мяняць краіну сваімі рукамі. І таму я зараз там, дзе я ёсьць. І таму я ня бачу ніякай праблемы паміж камэрцыяй і палітыкай. Можна быць абсалютна незалежным ад палітыкі і быць камэрцыяналізаваным, а можна быць палітыкам шчырым і маральным, якіх шмат у нас і , мяркую, у вас таксама".

Дракахруст: “А як наконт суадносінаў камэрцыі і мастацтва?"

Вакарчук: "Ведаеце, два найвялікшых мастака - Пабла Пікаса і Сальвадор Далі, былі аднымі з найбагацейшых людзей свайго часу. Але яны ня сталі ад гэтага горшымі".

Дракахруст: “Мы з Вамі пачалі размову пра палітыку. У 2005 годзе на чаце “Korrespondent.net” Вы сказалі : “Я хачу дыстацыянавацца ад палітыкі – раз і назаўсёды”. У ў 2007 годзе Вы – 15 нумар у выбарчым сьпісе блёку НУНС Юшчанкі-Луцэнкі, а зараз ужо – дэпутат Вярхоўнай Рады, экспэрты ўжо выбіраюць Вам міністэрскі партфэль. А як жа “раз і назаўсёды” ? І, дарэчы, як атрымліваецца спалучаць гэтыя ролі – жраца музаў і жраца палітыкі?”

Вакарчук: "Ну па-першае, я напісаў, што хачу дыстанцыявацца ад палітыкі, а ня тое, што я зраблю гэта на 100%. Я тады лічыў, што прыйдуць іншыя людзі і будуць працаваць на нашу краіну. Але прайшло два гады і я не ўбачыў вынікаў і прыйшоў да высновы, што трэба нешта рабіць самому. Па-другое, ніякія міністэрскія пасады на сёньняшні дзень мяне не цікавяць, я хачу працаваць у заканадаўчай дзейнасьці звычайным дэпутатам. Я мяркую. што прынясу шмат карысьці на гэтай працы. Што да сумяшчэньня, то чымсьці давядзецца ахвяраваць. Я лічу, што лёс краіны важнейшы за ўсё астатняе".

Дракахруст: “А ці ня можа так атрымацца, што Вы згубіце, як музыка, але ня станеце вялікім палітыкам, ня станеце ўкраінскім Рэйганам ці Шварцнэгерам?

Вакарчук: "Ёсьць прымаўка - ваўкоў баяцца, у лес не хадзіць”

Дракахруст: “Група "Океан Эльзи" была створаная ў 1994 годзе. За гэтыя 13 гадоў - як зьмянілася ўкраінская публіка, што ёй падабалася тады, а магчыма падабаецца зараз? І наадварот - да чаго яна тады была абыякавай, а зараз яе гэта цікавіць?"

Вакарчук: "Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне, бо я рос разам з нашай публікай. Але мне здаецца, што публіка ва Ўкраіне стала больш эўрапейскай, я так гэта адчуваю."

Дракахруст: “Наступнае пытаньне - як раз наконт эўрапейскасьці, а дакладней наконт знакамітага ўкраінскага Майдану, “аранжавай” рэвалюцыі. Некаторыя адчуваюць расчараваньне, што гэта быў прарыў да Эўропы, да свабоды, але з гэтага нічога не атрымалася і ўкраінцы засталіся, як пісаў Энгельс, у "царстве неабходнасьці". Ці засталася Ўкраіна ў гэтым царстве ці прарыў усё ж адбыўся?”

Вакарчук: "Я мяркую, што ва Ўкраіне і вонкі былі вялікія чаканьні ад вынікаў рэвалюцыі. "Аранжавая" рэвалюцыя дала людзям свабоду і магчымасьць прымаць рашэньні пра сваю будучыню. Але гэта ня значыць, што яна навучыла правільна дзейнічаць. Правільна дзейнічаць могуць навучыць толькі час, досьвед і ўпартая праца. І я думаю, што зараз час , досьвед і ўпартая праца будуць працаваць на Ўкраіну".

Дракахруст: “Сярод палітыкаў першай вялічыні ні ў Беларусі, ні ў Расеі, ні ў Польшчы няма жанчын. А ва Ўкраіне Юлія Цімашэнка - адзін з першых палітыкаў краіны. Некаторыя дасьціпныя людзі называюць яе нават "адзіным мужчынам ва ўкраінскай палітыцы". Якім чынам гэта характарызуе Ўкраіну?”

Вакарчук: "Гэта характарызуе Ўкраіну, як эўрапейскую дзяржаву, дзе ўсе людзі , незалежна ад полу,узросту, мовы маюць роўныя магчымасьці”.

Дракахруст: “І апошняе пытаньне: што б Вы хацелі сказаць слухачам беларускай Свабоды і аматарам " Океану Эльзи"?

Вакарчук: "Хацелася б сказаць, што мы былі вельмі рады летняму туру па Беларусі. Нам вельмі спадабаліся гэтыя канцэрты. І я думаю , што ўсё толькі пачынаецца, мы будзем прыяжджаць часьцей. Мы любім Беларусбь і перадаем прывітаньне ўсім нашым аматарам і прыгожым беларускім дзяўчатам".
XS
SM
MD
LG