Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сказаў Цімашэнцы, што спадзяецца на прыклад Украіны


Уладзімер Глод, Менск Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня ўдзельнічаў у саміце Эўрапейскай народнай партыі (ЕРР), які праходзіў у сталіцы Партугаліі – Лісабоне. Увечары ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад форуму з нашым карэспандэнтам.

Эўрапейская народная партыя аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах правыя і правацэнтрыскія партыі. Яны маюць значную палітычную вагу ў краінах Эўропы. У прыватнасьці, Ганс-Георг Пэтэрынг зь Нямеччыны ачольвае Эўрапарлямэнт, у якім “народнікі” прадстаўляюць найбуйнейшую фракцыю, а Рэнэ ван дэр Ліндэн зь Нідэрляндаў – Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы.

Аляксандар Мілінкевіч, які атрымаў асабістае запрашэньне прыехаць у Лісабон, гаворыць, што сёньняшні паседжаньне цягнулася ўвесь дзень і праходзіла даволі эмацыйна:

“Абмяркоўвалі перадусім, што трэба зрабіць, каб прыняць эўрапейскую Канстытуцыю, дачыненьні з Расеяй, праблему Турцыі. Госьці расказвалі пра сытуацыю ў сваіх краінах: Юшчанка і Цімашэнка – пра Ўкраіну, я – пра Беларусь, Саакашвілі – пра Грузію. Нас вельмі ўважліва слухалі, задавалі пытаньні. Самыя галоўныя тычыліся энэргетычнай бясьпекі, паколькі я казаў, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у гэтых працэсах. І вельмі важна, каб мы не выпалі зь іх. А другое пытаньне: ці ёсьць пазытыўныя зьмены ў паводзінах уладаў? Бо Эўропа ўсё прапануе і чакае, што будуць зрухі”.

Спадар Мілінкевіч таксама сказаў, што яго вельмі ўсьцешыла, што эўрапейцы маюць агульную пазыцыю адносна Беларусі:

“Раней здавалася, што Рада Эўропы займае больш мяккую пазыцыю, а Эўразьвяз з вядомымі сваімі дванаццацьцю ўмовамі для Беларусі – больш жорсткую. Але сёньня было бачна, што ўсе займаюць аднолькавую пазыцыю і ўсе хацелі б супрацоўнічаць з Беларусьсю. І, канечна, толькі ад Беларусі зараз усё гэта залежыць”.

Былы кандыдат у прэзыдэнты правёў у Лісабоне і асабістыя сустрэчы: з шэрагам вядомых палітыкаў: Пэтэрынгам, ван дэр Ліндэнам, Саакашвілі, Юліяй Цімашэнкай:

“Я, па-першае, павіншаваў яе з выдатнай выбарчай кампаніі, сказаў ёй таксама, што яна ўзбудзіла ў сваёй краіне вялікую веру ў перамены. І пажадаў ёй посьпехаў.

Я думаю, што яна мае вялікія шанцы стаць прэм’ерам. І, безумоўна, нам залежыць на тым, каб на Ўкраіне было як мага больш пазытыўнага. Бо іх рэвалюцыя павінна прывесьці да добрых вынікаў. І я думаю, што гэта, можа, і ёсьць самае галоўнае. І тое ж самае і ў Грузіі”.

Заўтра раніцай Аляксандар Мілінкевіч правядзе некалькі сустрэчаў, пасьля чаго вяртаецца ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG