Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 18 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На сайце паведамляецца пра імпрэзу BlogCamp, якая 13–14 кастрычніка прайшла ў Кіеве. Упершыню ў адным месцы сабраліся 250 блогераў і аматараў новых мэдыяў з Украіны, Расеі, Беларусі, Латвіі, Казахстана, Узбэкістана, Эстоніі, ЗША і Польшчы. Падчас вяртаньня дадому у дваіх ўдзельнікаў імпрэзы зь Беларусі -- Юрыя Сідуна і Вольгі Кузьміч – мытнікі канфіскавалі ноўтбукі на экспэртызу.

Аўтар нататкі vojur піша: “Хочацца параіць цікаўным беларускім мытнікам больш падрабязна азнаёміцца з сайтам БлогКэмпа, дзе адкрыта зьмешчаны ня толькі сьпісы ўдзельнікаў, сярод якіх, дарэчы, быў і вядомы малады супрацоўнік КДБ, былы студэнт праграмы Каліноўскага, Улад Міхайлаў. Там зьмешчана ініцыятыўная група імпрэзы, апісаны ўвесь падрыхтоўчы працэс і, урэшце, бюджэт БлогКэмпа і прапісаны ягоныя спонсары».

Сайт перадрукаваў інтэрвію рэжысэра Юрыя Хашчавацкага, якому сёньня спаўняецца 60 год, эстонскай газэце «Eesti Express». У прыватнасьці, Юрый Хашчавацкі кажа: «Інтэрнэт у нашых умовах вельмі важны канал распаўсюду інфармацыі. І, у выніку, гэта не выпадкова, што асноўнай сілай пратэсту зрабілася моладзь. Яшчэ адзін спосаб распаўсюду інфармацыі — гэта CD і DVD дыскі. Іх імгненна капіююць і перадаюць з рук у рукі. Я нядаўна даведаўся, што ёсьць нават прафэсыйны тэрмін для такога спосабу: «вірусны маркетынг». Мы падрыхтавалі некалькі такіх праграм, іх распаўсюджвалі і нават трансьлявалі ў самаробных лякальных кампутарных сетках. Гэта вельмі добра спрацавала. Адным словам, выснова адна: чым складаней умовы, тым больш вынаходліва трэба дзейнічаць. Да таго ж, гэта яшчэ й цікава з прафэсійнага пункту гледжаньня. Дарэчы, цяпер вельмі добра распаўсюджваецца «Плошча Каліноўскага». Паводле самых сьціплых прыкідак, відэапіраты распаўсюдзілі дзесяткі тысяч дыскаў».

Сайт праводзіць апытаньне на тэму: «Ці лічыце вы, што палітыка дзяржавы, якая зьмяняе дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у 2008 годзе, прынясе карысьць большасьці грамадзян?» З 255 чалавек, якія выказалі свае меркаваньні, 13% адказалі «Так, прынясе», 66% -- «Не, шкодная», і 21% лічаць, што розьніцу яны не адчуюць.

уздымае тэму флікераў і адзначае, што элемэнты, якія адбіваюць сьвятло і якія гэтак актыўна рэклямуюць па беларускаму тэлебачаньню, зусім не запатрабаваныя гарадзенцамі. Менавіта да такіх высноў прыйшлі гарадзенскія даішнікі, якія штрафуюць ня менш за 100 чалавек штодня. Так, у гарадзенскага ДАІ ёсьць акцыі, калі яна дае школьнікам гэтыя элемэнты, але ўсе акцыі абмяжоўваліся некалькімі дзесяткамі флікераў.

У камэнтарах да гэтай нататкі Аксакал піша: «Я ні за што не куплю гэтую брыдоту. А калі мяне затрымаюць, адмоўлюся плаціць штраф. Гэта што яшчэ за прынудзілаўка чарговая?.. Такія праграмы павінны фінансавацца дзяржавай і выдаваць флікеры павінна менавіта дзяржава ў школах, вучэльнях, інстытутах, на прадпрыемствах».

Eugene: “Я не адмаўляю, што флікеры маюць важнае значэньне для бясьпекі пешаходу, але кошт на іх завышаны ў дзесяткі разоў. Чаму людзі павінны купляць за 2500 руб. кавалачак анучкі пры рэальным кошце флікера ў пару цэнтаў? Нехта вельмі добра хоча на гэтым зарабіць, і я нават здагадваюся хто! Флікеры наогул павінны бясплатна раздаваць усім і ў вялікай колькасьці... Кампанія па прасоўваньню флікераў у народ — гэта нязграбная спроба кампэнсаваць нізкі ўзровень асьветленасьці нашых гарадоў».

Vervolf: “Справа патрэбная, але плаціць больш баксу за яго пры кошце ў 15 эўрацэнтаў (Францыя) я ня згодны. Ды і потым, калі едзеш ноччу па той жа Шчорса (ціпа асьветленая вуліца) і табе ў вочы лупіць сустрэчная, дык як ні шчыруй, пешахода на пераходзе не заўважыш…»

Наведнікі форуму парталу

Нищий беларус адзначае: «Беларусь, як не была, так і ня будзе камандай, пакуль ня зьменіцца палітычная сытуацыя ў рэспубліцы, як гэта ня сьмешна гучыць. У камандзе няма адзінага духу, яна ня ведае, за каго выступае (за якія сьцяг, гімн, герб, рэспубліку), усім у прынцыпе пляваць на вынік і на балельшчыкаў».

Воскресный DOOM-II: “Ну ня трэба маркоціцца, мы іх затое ў хакей абыграем».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG