Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Сына ня бачыў, а Лукашэнка харошы мужык”


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Як бы вы паставіліся да таго, каб Аляксандра Лукашэнку зьмяніў на пасадзе прэзыдэнта ягоны сын? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся сёньня да жыхароў вёскі Індура Гарадзенскага раёну.

Спадар: “Я думаю так: калі Лукашэнка яшчэ сам можа рабіць, то хай робіць, але калі ён адмаўляецца, то хай будзе ягоны сын”.

Спадар: “Не, наш бацька яшчэ гадоў дзесяць альбо дваццаць сам будзе, і ня трэба сына. Ён так не захоча, і людзі не захочуць”.

Спадар: “Ня нам гэта вырашаць, але яны з аднае хакейнае каманды, няхай удвох і далей фігуруюць...”

Спадар: “Я сумняваюся — але сын можа быць не такім. Пакуль людзі паважаюць Лукашэнку, а сына я ягонага ні разу ня бачыў. Трэба выбіраць такога, каб ведаць яго”.

Спадар: “Сына я ні разу ня бачыў, а Лукашэнка ў нас харошы мужык. Жывем добра, што яшчэ казаць, на Лукашэнку я ніколі не крыўдую”.

Спадар: “Ну што я магу сказаць? Мы людзі вясковыя. Мне здаецца, яно як да гэтага было, так і далей будзе. Я здаю малако за 380 рублёў за літар, а ў краме кефір купляю за 1060 рублёў”.

Спадарыня: “Сына яго ня ведаю й ня буду казаць. Але мне падабаецца Лукашэнка, я ягоная прыхільніца”.

Спадар: “А адкуль я магу ведаць?”

Бабуля: “А нам што? Нам — абы добра за намі глядзеў і добра жылося нам”.

Спадар: “Можа, было б і нядрэнна, бо Лукашэнка сам добры гаспадар”.

Спадар: “Я хачу сказаць, што гэта ж ня дом Раманавых. У нас жа пайшла перабудова, але калі ён сябе пакажа, то чаму не...”

Спадар: “Ня нам вырашаць гэта, мы людзі простыя. А хто яго паправіць, дый каго ён будзе слухаць...”

Спадарыня: “Мне ад гэтага ні халадно, ні цяпло. Мо там у Менску нешта зьмяняецца, але ў нас — ці сын, ці тата, ці нехта іншы — у нас у глыбінцы як быў развал, так і застаецца развал”.
XS
SM
MD
LG