Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна выйшаў Яўген Афнагель


Любоў Лунёва, Менск У турме на вуліцы Акрэсьціна адбылі арышт актывісты моладзевага дэмакратычнага руху Яўген Афнагель і Павал Юхневіч. Іх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні Эўрапейскага маршу. Ля турэмнай брамы сабраліся іхныя сябры й паплечнікі.

З турмы на Акрэсьціна пакуль выйшаў Яўген Афнагель, а Паўла Юхневіча, наколькі вядома, адвезьлі ў міліцыю Савецкага раёну. Яўгена Афнагеля сустракалі ягоныя сябры і паплечнікі. Хлопца арыштавалі прэвэнтыўна, калі ён выйшаў з Менгарвыканкаму пасьля кансультацыяў з чыноўнікамі наконт "Эўрапэйскага маршу". Нагадаем, што Афнагель быў заяўнікам гэтай акцыі. Яго без усялякіх сьведкаў схапілі ў двары, прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску і там арыштавалі, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Афнагель: "Мяне затрымалі 8 кастрычніка, прычым адразу накінулі цёмны мяшок на галаву. Затрымлівалі брутальна, калі шасьці АМАПаўцаў затрымлівала. Было вельмі халодна. У камэры было ад чатырох да дзевяці чалавек, трохразовае харчаваньне, хаця і вельмі такое маленечкае. Нічога незвычайнага. Палітычных у камэры не было, толькі ў апошні дзень зьявіліся нашы сябры. Адносіны былі нармальныя. Праводзілася агітацыйная праца.

Паплечнікі Паўла Юхневіча даведаліся, што як толькі ў яго скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня (яго арыштавалі на сем сутак), яго адвезьлі ў міліцыю Савецкага раёну. Яны не выключаюць, што сёньня яму могуць дадаць яшчэ адзін тэрмін зьняволеньня за тое, што ён быў затрыманы 23 жніўня, калі быў затрыманы "Вольны тэатар" разам з гледачамі. У той момант ён выклікаў сабе "хуткую дапамогу", і яму ўдалося сысьці з міліцыі. Паплечнікі лічаць, што яму могуць дадаць яшчэ адзін тэрмін за тое ж "дробнае хуліганства", абвінаваціўшы ў "нецэнзурнай лаянцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG