Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газета “Гомельская праўда” прызналася ў хлусьні


Радыё Свабода Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомелю прадстаўніца афіцыйнай газэты “Гомельская праўда” Алена Аленчанка пагадзілася без судовага разьбіральніцтва надрукаваць абвяржэньне сваёй публікацыі.

З пазовам выступіў грамадзкі актывіст, сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка.

Як напісаў у пазове ў суд спадар Судаленка, у артыкуле “Сваіх дзяцей — за мяжу, чужых — “у барацьбіты за дэмакратыю” (надрукаваны сёлета 2 жніўня), аўтар С.Грушэнка прыпісаў яму “ня толькі амаральныя, але нават і злачынныя дзеяньні”.

У артыкуле пісалася, што сябры закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, сябрам якога быў і Судаленка, заклікалі моладзь, названую газэтай “гарматным мясам”, удзельнічаць у антыграмадзкіх мерапрыемствах.

Было напісана, што сын актывіста паехаў на вучобу ў Польшчу паводле праграмы для апазыцыйных актывістаў, хоць у дзейнасьці апазыцыі ўдзелу ня браў.

Спадар Судаленка папярэдне зьвяртаўся ў рэдакцыю газэты — патрабаваў абвергнуць несапраўдныя зьвесткі, але адказу не атрымаў.

Таму Леанід Судаленка і зьвярнуўся ў суд з пазовам пра абарону гонару й годнасьці.
XS
SM
MD
LG