Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юр’ю Хашчавацкаму — 60


Ігар Карней, Менск Сёньня споўнілася 60 гадоў Юр’ю Хашчавацкаму — аднаму з самых вядомых беларускіх кінадакумэнталістаў, аўтару міжнародна прызнаных дакумэнтальных кінастужак, у тым ліку — “Звычайны прэзыдэнт” і “Плошча”.

Л.Міндлін: “Ён працуе ў жанры дакумэнтальнай трагікамэдыі”

Самы вядомы фільм Юр’я Хашчавацкага – “Звычайны прэзыдэнт”. Зьняты ў жанры палітычнага памфлету, ён стаў першым непратакольным сьведчаньнем прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Ад 1997 году стужка пачала зьбіраць узнагароды на міжнародных форумах: прэмія міру на Бэрлінскім кінафэстывалі, Гран-пры “Human Rights Watch” у Нью-Ёрку, прыз “Залатая брама” ў Сан-Францыска.

Аўтар сцэнару стужкі — Леанід Міндлін, сябра і калега Хашчавацкага. Згадвае, што на радзіме “Звычайны прэзыдэнт” каштаваў рэжысэру зламаных ног — так адрэагавалі на кінаэкспэрымэнт “палітычныя крытыкі”:

“Жанр, у якім працуе Юры Хашчавацкі, я вызначаю як дакумэнтальную трагікамэдыю. У яго фільмах заўсёды ўсьмешкі. Але ўсьмешкі празь сьлёзы, ці наадварот — сьлёзы праз усьмешкі.

І ў гэтым спалучэньне яго дзьвюх малых радзімаў — Адэсы і Менску. У Адэсе ён нарадзіўся, там прайшла яго маладосьць, але сталасьць, другая прафэсія кінарэжысэра — усё гэта адбылося ў Менску.

Згадваю адзін зь яго фільмаў “Усё добра”, пра габрэйскую міграцыю пачатку 1990-х. Таксама трагікамэдыя: людзі зьяжджалі з радзімы, дзе жылі некалькі пакаленьняў іх продкаў. Таксама сьмех, таксама сьлёзы.

І ёсьць такі эпізод: габрэйская Пасха, сядзяць старыя, на стале, як патрабуе традыцыя, віно. Дзяды ўжо крыху гэтага віна пакаштавалі. І вось Хашчавацкі за кадрам запытвае: дык ці трэба ўвогуле зьяжджаць? Адзін дзед зірнуў на яго і кажа: калі такі герой, то і заставайся.

Дык вось, ён застаўся. Не таму, што нідзе не было прытулку, не. Яго запрашалі працаваць у розныя эўрапейскія краіны. Але ён тут, таму што гэта яго выбар, яго пазыцыя”.

Д.Зялінская: “Плошчу” мог зрабіць толькі Хашчавацкі

Цяпер чарга зьбіраць фэстывальныя ўзнагароды дайшла да стужкі “Плошча”. Гэта дакумэнтальная хроніка, прысьвечаная леташняй прэзыдэнцкай кампаніі і абаронцам намётавага лягеру на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай).

“Плошчу” прыхільна прынялі ў Польшчы, Украіне, Нямеччыне, Галяндыі. Днямі фільм будзе прэзэнтаваны ў Даніі.

Галоўная гераіня нявыдуманай гісторыі — моладзевая актывістка Дар’я Зялінская:

“Я думаю, што акрамя Юр’я Хашчавацкага, такі фільм наўрад ці хто змог бы зьняць. Увогуле з гледзішча нават мужнасьці, таму што гэта значны даволі ўчынак — рабіць такія фільмы ў нашай краіне, у цяперашняй сытуацыі.

А чалавек працягвае працаваць, нягледзячы ні на што. І, безумоўна, паводле мастацкай вартасьці таксама выдатны фільм атрымаўся. І таму, мне здаецца, што толькі Юры Ёсіфавіч мог такі фільм зрабіць”.

Карэспандэнт: “А да “Плошчы” вы былі знаёмыя зь Юр’ем Хашчавацкім?”

“Не, я калі першы раз прыйшла здымацца, менавіта тады ўпершыню яго ўбачыла. Але, канечне, да гэтага ягоныя фільмы глядзела”.

Касэты з запісамі фільмаў Хашчавацкага ад сярэдзіны 1990-х пераходзяць з рук у рукі. Убачыць іх на беларускім тэлебачаньні — папросту нерэальна.

Пра гэта кажа і кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі:

“Калі спадар Хашчавацкі з нагоды 10-годзьдзя стварэньня фільму “Звычайны прэзыдэнт” намеціць якое-небудзь добрае турнэ па Беларусі, а потым, у канцы, прапануе яго да пракату, мы разгледзім такую прапанову.

Але справа ў тым, што ён яго здымаў на ўласныя страх і рызыку, і майго судзеяньня ні як сэнатара, ні як журналіста не прасіў. Таму працягваць яму пальмавую галіну разам з трубкай міру я не зьбіраюся. Пракатаў — прадай!”

Ю.Хашчавацкі: “Усе спэкуляцыі — ад імя народу”

Юр’я Хашчавацкага нярэдка вінавацяць у палітычнай ангажаванасьці. Але сам Хашчавацкі схільны лічыць: гэта тая ангажаванасьць, безь якой творца папросту не існуе.

Дый самі фільмы — адлюстраваньне яго асабістай грамадзянскай пазыцыі. І пакуль улады будуць даваць падставы для новых працаў, яны будуць зьяўляцца:

“Гэта адбываецца даўным-даўно, гэта іх уладарныя прынцыпы: пад высакароднай шыльдай зьнішчаць жыцьцёвыя каштоўнасьці. Яны актыўна карыстаюцца палітычным уціскам і палітычнай цэнзурай. І гэта апошнім часам толькі так.

У нас зьнішчаецца, прыкладам, дэмакратыя ў імя дэмакратыі. Вы заўважце: у нас усё робіцца “дзеля народу”. Ад імя народу і для народу. Для народу не пускаюць назіральнікаў на выбары, для народу праводзіцца датэрміновае галасаваньне. Хоць усім ужо зразумела, для чаго насамрэч гэта робіцца. Дакладна тое ж адбывацца і ў культуры”.



Юры Хашчавацкі нарадзіўся 18 кастрычніка 1947 году ў Адэсе. Закончыў Адэскі тэхналягічны інстытут. Пасьля разьмеркаваньня ў Менск супрацоўнічаў як пазаштатны аўтар зь Беларускім тэлебачаньнем, пазьней — рэжысэр.

У 1981-м закончыў Ленінградзкі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінэматаграфіі. Аўтар больш як трыццаці кінафільмаў, многія адзначаныя прызамі міжнародных фэстываляў: “Гэта ціхае жыцьцё ў Глыбокім” (1985), “Тут быў Крылоў” (1987), “Сустрэчны пазоў” (1989), “Усё добра” (1991), “Расейскае шчасьце” (1992), “Аазіс” (1996), “Час Чжоў Эньлая” (1998), “Богі сярпа і молата” (2000), “Дажыць да каханьня” (2002), “Каўкаскія палонныя” (2002).

Ляўрэат міжнародных кінафэстываляў у Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Жэнэве, Бэрліне, Мюнхэне, Ляйпцыгу, Бялградзе, Кіеве, Санкт-Пецярбургу. Сябра Міжнароднай і Эўразійскай акадэміяў тэлебачаньня і радыё.

XS
SM
MD
LG