Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на "Свабоду": "Ваша радыё “як прамень сьвятла ў цёмным царстве"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 18 кастрычніка, чацьвер.

Шаноўныя слухачы! Мы удзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы уводзім прыз – падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

"Яны жывуць ня ў цэнтры Эўропы, а на нейкай закінутай высьпе сярод акіяну, дзе акрамя БТ нічога ня бачна і чутна"

Спадар: “Ну што, спадары шушкевічы, мілінкевічы, казуліны і іншыя далучыўшыся, можаце павіншаваць Юшчанку і аранжавы вяночак з чарговым падвышэньнем коштаў на прадукты харчаваньня ў два, два з паловай разы. Вось да чаго давялі марыянэткі гэтую прыгожую, квітнеючую Украіну. Цяпер ім, каб зарабіць грошай, застаецца ехаць у Польшчу і чысьціць кароўнікі і цялятнікі за 5 даляраў адно стойла. А мы, беларусы, паедзем у сяброўскую Расею будаваць лецішчы, катэджы і гэтак далей. Што яшчэ можна сказаць? Вы ніколі ў жыцьці не даб’ецеся таго, пра што думаеце, то бок па указцы з Захаду і Амэрыкі. Наш народ выбраў Лукашэнку. Гэта таленавіты, разумны, дальнабачны, адданы беларускаму народу. Ён ніколі яму ня здрадзіць. І мы будзем жыць і дапамагаць іншым краінам. Мы забясьпечаныя бульбай таннай, цыбуляй, агуркамі, капустай, морквай. Усё ў нас ужо ёсьць да зімы..."

Пра эканамічную сытуацыю ва Ўкраіне гаворыць палітоляг Валеры Булгакаў:

“Кошт праезду ў грамадзкім транспарце ва Украіне ўдвая таньнейшы, чым у Беларусі, нават бэнзін больш танны. Тое ж самае можна казаць пра такія стратэгічныя прадукты, як гарэлка ці хлеб. Так што ў гэтай частцы аўтар выказваньня відавочна разьмінаецца з праўдай”.

Спадар: “Слухаючы апытаньні “Свабоды” на вуліцах нашых гарадоў, не спыняю зьдзіўляцца, колькі ў нас у Беларусі цёмных і абыякавых людзей, якія нічога ня ведаюць і, што самае крыўднае, ведаць ня хочуць, якія нічога ня бачаць і ня чуюць. Складваецца ўражаньне, што яны жывуць ня ў цэнтры Эўропы, а на нейкай закінутай высьпе сярод акіяну, дзе акрамя БТ нічога ня бачна і чутна. Дык няхай яны не скуляць, ня ныюць і не пытаюцца, чаму ў нас кошты эўрапейскія, а заробкі і пэнсіі афрыканскія, на ўзроўні жабрацкіх краінаў..."

Спадар: “Прапаную Вам такую рубрыку “Каб аздаравіцца”. Трэба задаць такое пытаньне: “Ці зможа прэзыдэнт загаварыць на роднай мове?” І задайце гэта пытаньне старым людзям на яго радзіме. Прапаную тэму аздараўленьня праз казкі, быліны, міты, каб дзеці пачулі водар мовы. І трэцяя тэма: “Мова Радзімы, філязофія жыцьця: ад Гусоўскага. Скарыны, да Купалы, Коласа.” І яшчэ. Гісторыя Княства ў кнігах Ермаловіча, Ігнатоўскага, у “Слове пра паход Ігараў” у перакладзе Купалы, Барадуліна. Гісторыя патрэбна, нават старым”.

"Пытаньне будаўніцтва АЭС чыста палітычнае"

Андрэй, Пінск: “Добры дзень. На мінулым тыдні зноў паднялася ў Беларусі праблема будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Яна была паднятая прэзыдэнтам. Але, па-мойму, ён павінен быў казаць пра рэфэрэндум, які ён абяцаў усім нам, для вырашэньня пытаньня па будаўніцтву АЭС у Беларусі. Але ні слова пра рэфэрэндум мы ня чулі. Гэта азначае, што пытаньне будаўніцтва АЭС чыста палітычнае. Пасьля таго, як наша прэзыдэнт паканфліктаваў з Пуціным і Крамлём, ён вырашыў, што яму ведаць меркаваньне народа не абавязкова. А я лічу, што ў нас яшчэ дастаткова рэсурсаў для эканоміі дарагіх энэргарэсурсаў. Дастаткова прайсьціся па кожным доме ў нас, няхай хоць у Пінску, і паглядзець, што там, дзе павінна стаяць дзьве аконныя рамы, стаіць адна. То выбітае шкло, то дзьверы паламаныя. У домаўпраўленьнях сядзіць маса усялякіх майстроў, інжынэраў, адказных асобаў, якія насамрэч нічога ня робяць. Я думаю, тут хаваецца агромністы рэзэрв для эканоміі энэргарэсурсаў, цяпла і гэтак далей. Таксама мне здаецца, што будаўніцтва АЭС вельмі памылкова. Я успомніў, калі Літва вырашыла на сваёй тэрыторыі пабудаваць магільнік ядзерных адходаў, якая ў нашых СМІ была арганізавана кампанія супраць гэтага. І з гэтай нагоды узьнікае пытаньне: а куды ж мы будзем з часам хаваць свае адходы. Пабудаваць ядзерны магільнікі вельмі дорага. І няўжо нехта нашыя адходы возьме на сваю тэрыторыю?! А я думаю., што наадварот, прэзыдэнт дзеля эканамічнай выгады ператворыць Беларусь у ядзерны магільнік, бо захоўваць на сваёй тэрыторыі ядзерныя адходы таксама каштуе грошай".

Спадар: “У цэлым, Ваша радыё “як прамень сьвятла ў цёмным царстве,” але пастаянныя, бесьперапынныя паўторы гэта вельмі дрэнна”.

Спадар: “Пра Лукашэнку. Чаму вы не зададзіце па сваім тэлефоне яму пытаньне наконт харчаваньня ў школах? Бясплатнага харчаваньня там няма”.

Спадар: “Я хачу запытацца ў Лукашэнкі. Кошты растуць. У нас усё нармальна з ураджаем. А кошты растуць. Дык што гэта?”

"Хто кіраваў Бабруйскам?Гарвыканкам!"

Спадар: “Выступаючы перад расейскімі журналістамі, Лукашэнка сказаў, што Бабруйск – гэта габрэйскі горад (ён быў, але не цяпер) і што калі жылі габрэі, тут было брудна. Ха! Хто кіраваў Бабруйскам? Гарвыканкам. А ў гарвыканкам габрэяў не дапускалі. Значыць, гарвыканкам нічога не рабіў, не займаўся навядзеньнем чысьціні. Вось і усё.".

Міхаіл Леках, доктар тэхнічных навук, Рыга: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт указу прэзыдэнта пра аўтамабілі, якія прыганяюць з Заходняй Эўропы ў Беларусь на перапродаж. Хачу сказаць, што ў Заходняй Эўропе нават багаты чалавек не дазваляе сабе цягам 2-3 год купляць больш, чым 1-2 аўтамабілі. Дык вось я Вас пытаю, хіба людзі, якія ганяюць дзесяткі аўтамабіляў у год, гэта яны для сябе? Ясна, што для перапродажу. А калі гэта так, то гэта прадпрымальніцкая дзейнасьць. Трэба рэгістравацца прыватным прадпрымальнікам і заганяць машыны, і плаціць падаткі. Таму мяне вельмі зьдзіўляе на гэты конт пазыцыя беларускай службы Радыё Свабода. Вы ж за эўрапейскі шлях, дык давайце будзе яго на самой справе ажыцьцяўляць, а не дэмагагічна”.

На пытаньне з нагоды, нібыта, ня выплаты падаткаў прадпрымальнікамі і перагоншчыкамі аўтамабіляў адказвае адзін зь лідэраў прыдпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў:

“Гэта піяр грамадзкай думкі, што ёсьць такія дрэнныя прадпрымальнікі ці яшчэ хто. Насамрэч, прадпрымальнікі плоцяць падаткі ўдвая больш, чым раней. Тут усё знаёмае: на гэтым тле ўлада прыбірае да рук найбольш выгадныя сэгмэнты рынку”.

Спадар: “Шаноўныя, вось слухаю я, як плачуцца перагоншчыкі аўто. Да гэтага плякаліся чаўнакі, 200 тысяч якіх на Беларусі. Яны самыя бедныя-няшчасныя. А падаткі плаціць ім ня трэба. Дык, можа, мы, людзі, якія зусім бяз працы, ім яшчэ даплачваць будзем?! Але нешта я ня бачу, каб яны кідалі ганяць машыны. І з такім задавальненьнем расказвае, як ён будзе абходзіць усе падаткі. Падаткі трэба плаціць на любой працы, падаткі ў грамадзтва. Ёсьць людзі, якія яшчэ ў горшым стане знаходзяцца: хворыя, інваліды. Дык што ён здаровы мужык будзе ганяць аўто і за тысячу-дзьве тысячы за тры дні? Дык падзяліся з грамадзтвам. Ці грамадзтва зь ім яшчэ павінна дзяліцца?”

"Бяры выбарчы закон Украіны, замяні слова “Украіна” на слова “Рэспубліка Беларусь” і закон гатовы"

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Таварыш Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, сказаў, што ў выбарчы закон па выбарах дэпутатаў Парлямэнту будуць унесеныя зьмены. Я Вам кажу, што закон па выбарах так адпрацаваны лукашыстамі, што сёньня і учора выбраў няма – прызначае галоўны начальнік Беларусі. Хутка Ярмошына заявіць. Што часу няма мяняць закон. Бяры выбарчы закон Украіны, замяні слова “Украіна” на слова “Рэспубліка Беларусь” і закон гатовы. Увесь сьвет гэтыя выбары прызнае, акрамя расейскіх мафіёзьнікаў. Сёньня ня трэба. Пакуль ня позна, заявіць на увесь сьвет, што без зьмяненьня выбарчага закону на дэмакратычны, мы, уся апазыцыя, у так званых выбарах удзельнічаць ня будзем. Хопіць падманваць народ. Няхай лукашысты ідуць адны на свае так званыя выбары. Эўропа і Амэрыка іх не прызнае. А гэтых фальсыфікатараў, прыйдзе час, і будуць судзіць. Зваротнага шляху няма. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Свабода,” прывітаньне! Адзінае, чаго сёньня не хапае Лукашэнку, – гэта рэфэрэндуму і закону аб перадачы улады сваім нашчадкам”.
XS
SM
MD
LG