Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Хашчавацкі: “Згушчаць фарбы – варта!”


Радыё Свабода, Менск Сёньня кінарэжысэру Юр’ю Хашчавацкаму спаўняецца 60 гадоў. Аўтар дакумэнтальна-публіцыстычных фільмаў пра сучасную Беларусь зычыць сабе новых фільмаў, адкрыцьця спадарожнікавага каналу “Белсат”, а ўсім беларусам – свабоды духу.

Юры Хашчавацкі задаволены сваімі жыцьцёвымі дасягненьнямі, зь якіх складаецца адчуваньне самарэалізаванасьці:

“Задаволены каханай жонкай, добрым сынам, шчасьлівай сям''ёй, цікавай працай. Гэтыя 60 гадоў стараўся жыць досыць сумленна, так бы сказаў. І вось гэтым ня тое каб ганарыўся, але задаволены. Задаволены, што гэта так”.

Днямі Юры Хашчавацкі вярнуўся з Бэрліну, дзе прадставіў нямецкай грамадзкасьці фільм “Плошча”, прысьвечаны падзеям у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. У Нямеччыне фільм прайшоў на “ўра”. Найбліжэйшым часам стужка будзе прадстаўленая на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага кіно ў Нямеччыне, Чэхіі і Галяндыі.

Часам Хашчавацкага вінавацяць у згушчэньні фарбаў: маўляў, ня гэтак усё брутальна ў Беларусі, як паказваецца ў фільмах “Плошча”, “Звычайны прэзыдэнт”... Але, на думку рэжысэра, згушчэньне фарбаў – слушны падыход да рэчаіснасьці:

“Кожны фільм абавязкова прысьвечаны пэўнай тэме. І гэта цалкам слушна, што фарбы згушчаюцца – тады больш відаць зьява. Калі вы што-небудзь разглядаеце, вы што бераце ў руку? Вы бераце, каб прыгледзецца, павелічальнае шкло, лупу. Гэта натуральна. І ў мастацкім творы тое самае”.

На думку кінакрытыка Андрэя Расінскага, творчасьць Юр’я Хашчавацкага займае ясна акрэсьленую нішу ў кінамастацтве Беларусі:

“Гэта ніша актыўнага публіцыстычнага кіно і папулярных на ўсю краіну карцінаў палітычнага расьсьледаваньня”.

Галоўным у творчасьці рэжысэра, на погляд крытыка, ёсьць тэма звычайнага чалавека:

“Просты, нармальны чалавек у абсурдных умовах абсурднага дыктатарскага рэжыму. Ва ўмовах, калі сам гэты маленькі чалавек становіцца дыктатарам, як паказана ў фільме “Звычайны прэзыдэнт”: маленькі чалавек, які дарваўся да ўлады...”

Кінакрытык Андрэй Расінскі зьвяртае ўвагу і на тое найлепшае ў творчасьці Юр’я Хашчавацкага, што беларусам пакуль што малавядомае:

“Найлепшыя карціны Юр’я Хашчавацкага – іх мала ў нас ведаюць – гэта карціна, прысьвечаная каўкаскай вайне, і карціна “Рускае шчасьце”... Вось у гэтых працах найбольш праявілася сапраўдная стылістыка Хашчавацкага”.

• “І праз 30 гадоў “Калігула” ў Беларусі забаронены”, 02.10.2007 • “Плошча” Хашчавацкага – у Вашынгтоне, 31.09.2007
XS
SM
MD
LG