Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: студэнт-выдатнік праз суд аспрэчвае адлічэньне з унівэрсытэту


Радыё Свабода На сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю прызначаны разгляд скаргі студэнта-выдатніка, грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі на Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Скарыны. Гэта першая ў рэгіёне судовая справа, калі студэнт адкрыта пярэчыць унівэрсытэцкай адміністрацыі.

Адлічаны з трэцяга курсу Зьміцер Жалезьнічэнка патрабуе прызнаць дзеяньні кіраўнікоў рэктарату і матэматычнага факультэту, дзе ён вучыўся, неправамернымі – на думку Зьмітра, яны парушылі ягонае канстытуцыйнае права на атрыманьне адукацыі.

“Маё меркаваньне, што цярпім мы ўсё за адно – за Беларусь! У найлепшым значэньні гэтага слова”, – сказаў у інтэрвію “Свабодзе” Зьміцер Жалезьнічэнка.

Зьмітра адлічылі з унівэрсытэту на падставе дакладной запіскі дэкана матэматычнага факультэту Сяргея Жогаля. Той абвінаваціў выдатніка ў “сыстэматычным парушэньні правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту” ў хуткім часе пасьля таго, як даведаўся, што гаспадарчы суд за арганізацыю ў жніўні канцэрту беларускамоўных бардаў аштрафаваў Жалезьнічэнку, палічыўшы вінаватым у “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці”.

Пакуль дакладна невядома, была гэта асабістая ініцыятыва дэкана ці падказка аднекуль збоку.

На матэматычным факультэце Зьміцер Жалезьнічэнка атрымліваў за выдатную вучобу падвышаную стыпэндыю. Сярэдні бал па выніках усіх сэсіяў у яго складае 9,3 пры існуючай 10-бальнай сыстэме ацэнкі ведаў.

У скарзе ў суд студэнт прыводзіць шэсьць пунктаў парушэньняў існуючага заканадаўства, інструкцыяў і загадаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і тых жа правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту, на якія спасылаліся ўнівэрсытэцкія адміністратары пры адлічэньні выдатніка.

Цікава, што адзін са сьведкаў супраць Жалезьнічэнкі ў гаспадарчым судзе – студэнт трэцяга курсу гістарычнага факультэту Антон Яначкін, нядаўна таксама адлічаны з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны.

За што адлічаны, удакладняе сакратарка студэнцкага аддзелу кадраў Марыя Кендыш:

“Ну, за акадэмічную непасьпяховасьць. У яго сталыя з сэсіі ў сэсію запазычанасьці былі. У яго ўвесь час так: па тры запазычанасьці віселі. Асабіста я яго ведала. Каб блізка, то не. Але так, як сакратар”.

Варта дадаць, што адлічаны студэнт Яначкін фігураваў сьведкам у судовых справах і супраць іншых дэмакратычных актывістаў Гомелю.

• Гомель: на волю выйшаў моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, 25.09.2007 • Гомель: унівэрсытэт выключае студэнта-выдатніка з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, 12.09.2007 • Гомельскі суд аштрафаваў арганізатараў канцэрту беларускамоўных бардаў, 09.08.2007
XS
SM
MD
LG