Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

17 кастрычніка - Міжнародны дзень барацьбы зь беднасьцю


Тацяна Поклад, Прага Сёньня – міжнародны дзень барацьбы зь беднасьцю, які ў сьвеце адзначаецца 20-ты раз. Паводле незалежных экспэртаў, у Беларусі за рысай беднасьці жыве кожны дзесяты. Паводле дадзеных экспэртаў ААН (справаздача ў фармаце PDF) --> http://www.unmillenniumproject.org/documents/UNMP-FastFacts-E.pdf больш за адзін мільярд чалавек у сьвеце жыве меней чым на 1 даляр у дзень, а ў цэлым ад розных праяваў беднасьці церпіць больш чым траціна насельніцтва Зямлі.

ГОЛАД

У сьвеце кожныя 3,6 сэкундаў ад голаду памірае адзін чалавек.

Кожны год шэсьць мільёнаў дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў паміраюць ад недахопу ежы.

Больш за 800 мільёнаў чалавек кладуцца спаць галоднымі кожны дзень, у іх ліку – 300 мільёнаў дзяцей.

Больш за 90 % зь ліку гэтых 300 мільёнаў дзяцей пакутуюць ад сталага недахопу ежы і толькі 8 % – ахвяры надзвычайных сытуацыяў.

ЗДАРОЎЕ

Кожны год 11 мільёнаў дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў паміраюць ад хваробаў, якія можна прадухіліць альбо вылекаваць, – малярыі, дыфтэрыі альбо пнэўманіі.

Кожныя 30 сэкундаў дзіця ў Афрыцы памірае ад малярыі, – гэта больш за мільён дзіцячых сьмерцяў у год.

Кожны дзень СНІД забівае 6 000 чалавек.

Больш за 2,6 мільярдаў чалавек – больш за 40 % насельніцтва Зямлі, – ня маюць базавай мэдычнай дапамогі.

Кожную хвіліну ў сьвеце памірае адна жанчына ў выніку хваробаў у часе цяжарнасьці альбо пры нараджэньні дзяцей.

ВАДА

Пяць мільёнаў чалавек, пераважна дзеці, паміраюць штогод ад хваробаў, выкліканых праблемамі з вадой.

Больш за 50 % жыхароў Афрыкі пакутуюць ад хваробаў, выкліканых забруджанай вадой, накшталт халеры альбо дыфтэрыі.

Больш за 1 мільярд людзей ня маюць чыстай вады.

АДУКАЦЫЯ

114 мільёнаў дзяцей у сьвеце не атрымліваюць нават пачатковай адукацыі.

584 мільёны жанчын у сьвеце – непісьменныя.

Больш за 40 % жанчын Афрыкі ня маюць магчымасьці атрымаць асноўную адукацыю.

***

Гісторыя міжнароднага дня барацьбы з беднасьцю зьвязаная з датай 17 кастрычніка 1987 году. У гэты дзень у Парыжы на плошчы Тракадэра, дзе ў 1948 годзе была падпісаная Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека, сабраліся больш за сто тысяч чалавек, каб ушанаваць памяць ахвяраў жабрацтва, голаду і гвалту. Дэманстранты заявілі, што беднасьць зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека і заклікалі людзей у сьвеце аб’яднаць высілкі ў змаганьні зь беднасьцю. Гэтыя заявы ўвекавечаныя на Памятным камяні, які быў адкрыты ў той дзень у Парыжы.

Такія ж Памятныя камяні былі адрытыя ў многіх іншых краінах, і ад таго часу 17 кастрычніка людзі зьбіраюцца штогод, каб пацьвердзіць сваю салідарнасьць зь беднымі.

Пазьней сваёй рэзалюцыяй 1992 году Генэральная асамблея ААН абвясьціла 17 кастрычніка Міжнародным днём барацьбы зь беднасьцю і заклікала ўсе дзяржавы змагацца зь беднасьцю і дапамагаць у гэтым змаганьні іншым.
XS
SM
MD
LG