Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Рынак патрыманых аўтамабіляў і так ужо перанасычаны”


Міхал Карневіч, Горадня Бальшыня перагоншчыкаў патрыманых аўтамабіляў у Горадні ведае пра прэзыдэнцкі ўказ №503 “Аб ільготным перамяшчэньні праз мытную мяжу тавараў для асабістага карыстаньня”. Паводле яго ўвоз у Беларусь больш як адной аўтамашыны ў год будзе лічыцца прадпрымальніцтвам. Думкі на гэты конт ва ўсіх розныя.

У Горадні дагэтуль самы танны аўтамабільны рынак у Беларусі. У выходныя дні на рынку да некалькіх тысяч аўто, якія дастаўляюць перагоншчыкі, — пераважна з краінаў Эўропы. Пакупнікі на рынку таксама з усіх абласьцей краіны.

Адзін з маіх суразмоўцаў, Пётра, кажа, што ўказ нічога новага для іх не прынес, бо прыватнымі прадпрымальнікі ў Горадні ў гэтай сфэры сталі многія, але ня ўсе захацелі існаваць легальна.

Пётра кажа, што ў перагоншчыкаў усё роўна застаецца магчымасьць прыганяць машыны — у памежную Кузьніцу, што на польскім баку, і там прадаваць аўтамабілі беларускім грамадзянам:

“Жыхары памежных раёнаў могуць дамовіцца з чалавекам, на якога можна аформіць аўтамабіль, перавезьці яго ў тую ж Кузьніцу, а там усё пойдзе паводле звычайнай тэхналёгіі — чалавек аплачвае дзяржпошліну й афармляе машыну на сябе”.

Перагоншчык Сьцяпан кажа, што зьбіраецца рэгістраваць пасьведчаньне прыватнага прадпрымальніка, бо лічыць, што дзяржава ня дасьць працаваць інакш, ужо цяпер людзей абкладаюць вялікімі штрафамі:

“Цяжка ўсё гэта будзе. Кажуць, там такая бугальтэрыя, што даводзіцца выбіраць: альбо ты ганяеш машыны, альбо займаесься бугальтэрыяй. А інакш нельга. Да мытнікаў паўзеш на паўсагнутых, ледзь не на карачках, бо за любую памылку могуць такі штраф... Да 30 мільёнаў адразу”.

З індывідуальным прадпрымальнікам Максімам мы сустрэліся ў ягонай аўтакамісіёнцы. Ён задаволены ўказам, паколькі нарэшце гэта яго ўраўнае зь іншымі.

Ужо тры гады — адрозна ад нелегальных перагоншчыкаў — ён сплачвае ўсе падаткі, арэнду зямлі ды іншае. Праўда, перад ім паўстае новая праблема: з новага году ён павінен будзе рэгістраваць унітарнае прадпрыемства, а за гэтым пацягнуцца й новыя падаткі.

“Я думаю, што давядзецца ўсім легалізоўвацца, паколькі сытуацыя даволі тупіковая. Рамкі звужаюцца, людзей заганяюць у такую сытуацыю, яны будуць вымушаныя гэта зрабіць”, — кажа Максім.

Наагул, Максім ня бачыць вялікіх пэрспэктываў у гэтай сфэры бізнэсу:

“Рынак ужо перанасычаны, пэрспэктыва зусім небязвоблачная. Цяпер, нават на думку многіх перагоншчыкаў, прадаўцоў аўтамабіляў, усе ў цяжкай сытуацыі”.

• Як прэзыдэнцкі ўказ паўплывае на кошты аўтамабіляў?, 16.10.2007
XS
SM
MD
LG