Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Злотнікаў: “Перагоншчыкі менш заробяць, і нам лепш ня будзе”


Вячаслаў Кулік, Менск Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі й аналізу, сёлета ў першым паўгодзьдзі ў Беларусь увезьлі 110 418 легкавых аўтамабіляў. Гэта на 27 тысяч больш, чым у адпаведны пэрыяд летась. Натуральна, што такі рост выклікае ў дзяржавы жаданьне папоўніць бюджэт. 15 кастрычніка прэзыдэнт Лукашэнка ўказам №503 абмежаваў дзейнасьць перагоншчыкаў. Увоз у Беларусь больш як адной аўтамашыны на год будзе лічыцца прадпрымальніцтвам. Як ставяцца да гэтага спэцыялісты?

Стварыць альтэрнатыву перагоншчыкам аўтамабіляў дзяржава спрабуе ня першы раз.

Яшчэ 10 студзеня мінулага году гандлёвы дом “Ждановічы” атрымаў ліцэнзію на перапродаж аўтамабіляў з-за мяжы. Але аб’ёмы продажаў застаюцца невялікія. У сярэднім аўтамабілі тут на 500—1000 даляраў даражэйшыя, чым у перагоншчыкаў.

Гаворыць эканаміст Тацяна Драздова:

“Гэта прэзыдэнт прыняў такое рашэньне. Цяпер на аўтарынках прадаецца большасьць аўтамабіляў бітых-перабітых, некалькі разоў рамантаваных, у непамысным стане.

У нас цяпер на складзе каля адной сотні аўтамабіляў. Кожны тыдзень да нас прыходзяць аўтавозы. Калі сярод наяўных аўтамабіляў вы не знаходзіце патрэбнага — у вас, напрыклад, асаблівыя патрабаваньні, то афармляеце заяўку — і мы зь ёй працуем.

Вядома, што спажывец больш абаронены, калі набывае аўтамабіль у юрыдычнай асобы, чым на рынку”.

Ініцыятар абмежаваньняў для аўтаперавозчыкаў — Дзяржаўны мытны камітэт. Са словаў намесьніка начальніка ўпраўленьня Ўладзімера Пехцерава, у гэтай сфэры бюджэт губляе вялікія грошы з-за нявыплаты мыта:

“Ва ўказе дакладна гаворыцца, што ўвоз больш як двух аўтамабіляў лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Гэта нармальны шлях эвалюцыі. Тыя людзі, якія ўвозілі адну машыне паводле даверанасьці й дзяржава заплюшчвала на гэта вочы, цяпер будуць уладальнікамі аўтасалёнаў. Я лічу, што гэта вельмі добра”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў даводзіць, што аўтабізнэс пасьпяхова разьвіваецца ў Беларусі дзякуючы блізкасьці да Польшчы і Нямеччыны.

Злотнікаў упэўнены, што забарона на перапродаж аўтамабіляў пагоршыць матэрыяльны стан некалькі тысяч сем’яў беларускіх аўтаперагоншчыкаў.

“Калі ім забараняюць гэта рабіць, то канкурэнцыя на аўтамабільным рынку будзе меншая. А калі меншая канкурэнцыя, ды працуюць яшчэ больш буйныя фірмы, якія між сабою могуць лёгка дамовіцца, то на нашым рынку аўтамабілі могуць падаражэць. Словам, няма чаму радавацца: і перагоншчыкі менш заробяць, і нам лепш ня будзе”.

• Як прэзыдэнцкі ўказ паўплывае на кошты аўтамабіляў?, 16.10.2007
XS
SM
MD
LG