Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве заяўнікі “эўрапейскіх” пікетаў будуць судзіцца з чыноўнікамі


Радыё Свабода, Магілёў Прафсаюзныя актывісты Юры Новікаў ды Сяргей Фамін зьвярнуліся ў суд са скаргай на неправамоцныя дзеяньні намесьніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Фёдара Міхеенкі.

Прафсаюзныя актывісты ня толькі зьвярнуліся ў суд, але і паскардзіліся на чыноўніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуру.

Юры Новікаў ды Сяргей Фамін былі сярод заяўнікаў чатырох пікетаў да Эўрапейскага маршу, якія мелі адбыцца 13 кастрычніка. Пікетамі заяўнікі зьбіраліся прыцягнуць увагу людзей да 12 прапановаў Эўразьвязу, які зрабіў крокі насустрач афіцыйнаму Менску.

Заявак на інфармацыйныя акцыі ў гарвыканкаме не разглядалі. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка паведаміў заяўнікам, каб яны загадзя заключылі дамовы са службамі, якія гарантуюць грамадзкі парадак, мэдычнае абслугоўваньне ды прыбіраюць тэрыторыю.

Адказ гарвыканкаму заяўнікі лічаць неабгрунтаваным.

“Ён парушае заканадаўства “Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў” і Канстытуцыю Беларусі. Калі мы ня здолеем праз суд дамагчыся праўды, мы будзем яе дамагацца ў міжнародных судовых арганізацыях”, — зазначыў “Свабодзе” актывіст Свабоднага прафсаюзу беларускага Юры Новікаў.

Юры Новікаў ды Сяргей Фамін таксама паскардзіліся Барысу Батуру на кіраўніка справаў Магілёўскага гарвыканкаму Ігара Аўсеенку. Той падпісаў адмову на пікеты, на якіх хацелі выступаць за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Акцыя пратэсту была прымеркаваная да пяцісот дзён зьняволеньня апазыцыйнага палітыка.



• У Магілёве будуць патрабаваць вызваленьня Аляксандра Казуліна, 14.08.2007 • Магілёў: “эўрапейскія” пікеты забаранілі, 8.10.2007
XS
SM
MD
LG