Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дамовілася з Расеяй пра аб’ёмы газу, але не пра кошты


Уладзімер Глод, Менск Беларусь у 2008 годзе будзе атрымліваць з Расеі крыху больш газу, чым у 2007-м. Колькасна гэта выглядае так: 21,6 мільярда кубоў у наступным годзе супраць 21,2 мільярда сёлета. Пра гэта заявіў міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц на паседжаньні прэзыдыюму беларускага ўраду.

Беларусь не скарачае аб’ёмаў закупкі газу. І гэта выглядае дзіўным, паколькі сёлета Аляксандар Лукашэнка шмат казаў, што газ трэба замяшчаць мясцовым палівам — дровамі, брыкетам, торфам.

Экспэрт у галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч тлумачыць:

“Гэтыя крыніцы энэргіі ня могуць складаць больш за 5%. Калі казаць, прыкладам, пра Нямеччыну, дык там дзесьці каля гэтага. І гэта пры тым, што немцы маюць шмат гідрастанцыяў, столькі ветракоў ды іншага.

Цяпер асноўная крыніца — прыродны газ. Іншыя крыніцы энэргіі (дровы, ветракі й гэтак далей) — толькі дапаможныя, ды і выкарыстоўваюцца ў сельскай мясцовасьці. І нават пры тым, што гэта можа быць нейкай дапамогай, справай гэтай вельмі слаба займаюцца”.

Міністар Азярэц паведаміў, што ў наступным годзе расейскі газ будзе даражэйшы. Аднак дакладных лічбаў ён не падаў.

А вось розныя экспэрты называюць і розныя кошты — ад 130 да 168 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў супраць 100 сёлетніх. Гэта тлумачыцца тым, што з 2008 году Беларусь будзе аплачваць газ па цане, роўнай 67% ад эўрапейскай разьліковай цаны мінус выдаткі на транспартаваньне.

Валянцін Мацкевіч адзначае:

“У гэтай формуле кожны разьлічвае па-свойму. Я памятаю, калі заключалася дамова пра кошты на газ на чатыры гады, казалі, што формула выдатная, празрыстая, ясная. Аднак высьвятляецца, што яна не зусім ясная. Таму тут цяжка сказаць, хто мае рацыю, а хто — не”.

Сёньня, дарэчы, на Беларускім энэргетычным форуме амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сказаў, што цана газу для Беларусі ў наступным годзе будзе дзесьці бліжэй да 125 даляраў. Амбасадар дадаў, што менавіта так цяпер складаецца каньюнктура.

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што за расейскі газ у 2008 годзе Беларусь заплаціць на 700—800 мільёнаў даляраў больш, чым сёлета:

“Гэта пад’ёмная лічба. Але рэч у тым, што былі адмоўныя тэндэнцыі ў мінулыя гады. І адно на другое накладаецца. Таму будзе цяжка.

Мы шмат гадоў зьядаем асноўныя фонды, якія дасталіся яшчэ ад СССР. І дайшло да таго, што большасьць прадпрыемстваў сталі неканкурэнтаздольнымі.

Рэформаў жа не было. Фасадная частка (дарогі, будынкі) выглядае добра. А прамысловасьць была занядбаная. І надышоў час, калі патрэбна аддаць нешта і прамысловасьці”.

Тым часам набліжаецца 23 кастрычніка — апошні дзень, калі Беларусь можа разьлічыцца з “Газпромам” за газ, скарыстаны ў верасьні. Экспэрты называюць лічбу, блізкую да 200 мільёнаў даляраў.

• Прапанова А.Лукашэнкі “Газпрому” бессэнсоўная бяз згоды Польшчы, 15.10.2007
XS
SM
MD
LG