Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўныя інвэстыцыі 2007-га — ад продажу “Белтрансгазу” і “Velcom”


Ігар Карней, Менск Сёньня надрукавалі справаздачу Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў пра інвэстыцыі ў пераходныя эканомікі краінаў паўднёва-ўсходняй Эўропы і СНД у 2006 годзе. Паводле экспэртаў, летась яны дасягнулі самага высокага ўзроўню: замежныя інвэстары ўклалі ў рэгіён амаль 70 мільярдаў даляраў. Беларусь для міжнароднага капіталу нецікавая.

Згодна са справаздачай ААН, самыя значныя інвэстыцыі прыцягнула летась Расея — амаль 30 мільярдаў даляраў. Іншыя пасьлясавецкія дзяржавы, Казахстан і Ўкраіна, атрымалі адпаведна 6 і 5 мільярдаў даляраў. А пяць краінаў — Расея, Казахстан, Румынія, Украіна і Баўгарыя — у 2006-м мелі 82% міжнародных інвэстыцыяў.

Беларускі бізнэс-клімат сьмяротны для інвэстараў

Беларусь на гэтым тле выглядае сьціпла: простых інвэстыцыяў летась краіна атрымала ў сто разоў меней, чым суседняя Расея — толькі 344 мільёны даляраў.

Да прыкладу, Чэхія, параўнальная зь Беларусьсю тэрытарыяльна і колькасьцю насельніцтва — атрымала інвэстыцыяў у дваццаць разоў болей.

Міністэрства эканомікі Беларусі апэлюе да іншых лічбаў асыміляванага капіталу. Па выніках 2006-га ведамства трымала справаздачу за 4 мільярды даляраў, прыцягнутых у беларускую эканоміку.

Эканаміст дасьледчага цэнтру “Дасьледаваньні, прагноз, маніторынг” Аляксандар Чубрык тлумачыць, што розначытаньне выкліканае трактаваньнем паняцьця “інвэстыцыі”:

“У выпадку са справаздачай ААН маецца на ўвазе чысты прыток інвэстыцыяў. Сюды падпадаюць толькі простыя замежныя інвэстыцыі. Бо ёсьць яшчэ інвэстыцыі, якія адносяць да так званых “партфэльных”.

І калі браць іншыя інвэстыцыі, кароткатэрміновыя (перадусім гандлёвыя крэдыты), так бы мовіць “кароткія” грошы, то гэта ўсё запазычанасьць за наш імпарт. І Міністэрства эканомікі, калі робіць справаздачы, гэта ўсё сюды ўключае, бо згодна з плацёжным балянсам гэта ўсё адносіцца да інвэстыцыяў.

А тое, што прыводзіць ААН, гэта чысты прыток простых замежных інвэстыцыяў. І статыстыка адносна гэтага ў нас таксама існуе, друкуецца Нацыянальным банкам. Так, насамрэч мы нешта каля 300 мільёнаў даляраў летась прыцягнулі.

Сёлета за паўгодзьдзе лічба ўжо дасягнула амаль 1 мільярду. Гэта чысты прыток простых замежных інвэстыцыяў. І менавіта коштам продажу “Газпрому” “Белтрансгазу”. Так што, сапраўды існуюць розныя лічбы”.

Інвэстыцыям паспрыяе сыравінны голад

Як дадае Аляксандар Чубрык, адрозна ад Расеі і Ўкраіны, дзе апошнім часам імкліва разьвіваецца бізнэс, Беларусь застаецца закрытай тэрыторыяй для інвэстараў.

Большасьць інвэстыцыяў у Беларусь — крэдыты кампаніяў, якія ўтварылі ў Беларусі даччыныя прадпрыемствы і даюць ім пазыкі.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што цягам бліжэйшых гадоў кіраўніцтву Беларусі нічога не застанецца, як паступова распрадаваць дзяржаўную маёмасьць і тым самым пашыраць тэрыторыю прысутнасьці замежнага капіталу.

Як кажа спадар Патупа, неабходнасьць плаціць паводле камэрцыйных расцэнак за спажытыя нафту ды газ падштурхоўваюць да пошуку грошай. Пацьверджаньнем таму — продаж акцыяў “Белтрансгазу”, а нядаўна — дзяржаўнай долі прадпрыемства “Мабільная лічбавая сувязь” (гандлёвая марка “Velcom”), кажа Патупа:

“Прыватызацыя ёсьць часткай рынкавых крокаў краіны. Гэта добра. І я думаю, што на сёньня гэта натуральны працэс. І дай Божа, каб і ў наступных кроках дзяржавы ён гэтаксама прысутнічаў”.

Карэспандэнт: “То бок, можна казаць, што пераход на камэрцыйныя рэйкі ў сыравінных дачыненьнях з той жа Расеяй ускосна спрыяюць і капіталізацыі эканомікі?”

“Так. Гэта вельмі ўзаемазьвязаныя рэчы. Немагчыма за рынкавы кошт мець нафту ці газ і працаваць не на рынкавых асновах у сфэры вытворчасьці і г.д. Гэта нармальныя крокі. Каб толькі яны ў наступнай будучыні не зьмяніліся нейкімі крокамі ў зваротны бок”.

• ААН: інвэстыцыі ў эканомікі краінаў СНД, за выняткам Беларусі, растуць, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG