Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на "Свабоду": "У Амэрыцы 42 ці больш прэзыдэнтаў памянялася, а жыцьцё не зьмянілася"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 17 кастрычніка, сераду.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз – падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

"Пэнсіянэры ніякай карысьці не прыносяць, а ім яшчэ і пэнсію трэба плаціць"

Ларыса. Менск: “Спадзяюся, агучыце. Некалькі гадоў таму ўрадам і прэзыдэнтам быў кінуты заклік павысіць колькасьць насельніцтва: “Трэба нараджаць як мага больш дзяцей. Праграма выканана. Гэты заклік быў зроблены, калі яшчэ былі таннымі энэрганосьбіты. Абяцалі ўсім даць кватэры і забясьпечыць дапамогай. Але сёлета энэрганосьбіты сталі даражэйшымі, таму трэба адабраць усе льготы ў пэнсіянэра ў і аддаць маці і дзіцяці, бо пэнсіянэры ніякай карысьці не прыносяць, а ім яшчэ і пэнсію трэба плаціць”.

Тэлефанаваньне камэнтуе адзін зь ініцыятараў стварэньня грамадзкай арганізацыі ветэранаў “Старэйшыны” Уладзімер Раманоўскі:

“Мы ня тое, што крыўдуем на мацярок, а кажам, што дзяржава ў прынцыпе ня мае мэханізмаў вырашэньня такіх пытаньняў. Сказаў прэзыдэнт – паздымалі ільготы, ці яшчэ што. А там – заморысься дамагацца сваіх правоў”.

"У апазыцыі ўжо даўно існуе дыктатура"

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “У апазыцыі ўжо даўно існуе дыктатура. Людзям, якія прыехалі на Эўрапейскі марш з Нароўлі, Брагіна, Хоцімска і іншых аддаленых населеных пунктаў, не далі магчымасьці выступіць на мітынгу каля Акадэміі навук. Пры такіх адносінах да ўсяго і да ўсіх аўтарытэт палітыкаў не паднімецца вышэй 0,3%”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Як старшыня аргкамітэту Эўрапейскага маршу лічу, што прамежкавы мітынг каля Акадэміі навук быў памылкай. Ён разламаў шэсьце, а трэба было разам ісьці на Бангалор. Там большая колькасьць людзей змаглі б выступіць і выказацца”.

"А Лукашэнка цэнзурна выказваецца ці не?"

Спадар: “Скажыце, “Свабода,” вось арыштоўваюць гэтых дзяцей, бэнээфаўцаў. Кажуць, што яны нецэнзурна выказваліся. Скажыце, калі ласка, а Лукашэнка цэнзурна выказваецца ці не? Сёньня была перадача, там хвалілі Лукашэнку, бо ў Эўропе лепш за ўсіх жыве Беларусь. Хвалілі нават расейцы, казалі, што Лукашэнка вельмі харошы і яго хочуць забраць туды, у Расею. Хто яго трымае?! Я наагул ня ведаю, што будзе далей. Чамусьці ў Амэрыцы 42 ці больш прэзыдэнтаў зьмянілася, а жыцьцё не зьмянілася. А ён у нас ужо стаў, як кажуць, любімцам Расеі”.

Камэнтар актывіста Моладзі БНФ Алеся Каліты:

“Наконт нецэнзуршчыны я ад яго такога ня чуў. Але выказваньні Лукашэнкі ў бок сваіх палітычных апанэнтаў не даюць мне падставы меркаваць, што ён выхаваны і культурны чалавек”.

Валянціна: “Паважаная “Свабода,” вельмі просім, уключыце ў зьмест праграмы главы кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Падрабязьней пазнаёмце нас са зьместам гэтай кнігі".
XS
SM
MD
LG