Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здарэньні на вытворчасьці: як працуе мэханізм кампэнсацыі?


Сяргей Астраўцоў, Горадня На гарадзенскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў пацярпеў 20-гадовы рабочы: у яго 95-працэнтны апёк скуры, ён знаходзіцца ў рэанімацыі. Дактары гавораць, што ў такіх выпадках пацярпелыя звычайна не выжываюць. Наш карэспандэнт дасьледаваў праблему выплаты кампэнсацыяў за здарэньні на вытворчасьці.

20-гадовы гарадзенскі рабочы трымаецца толькі дзякуючы маладому здароваму сэрцу, гавораць дактары. На камбінаце будаўнічых матэрыялаў выбухнуў апарат прыгатаваньня алюміневай суспэнзіі. Паводле вэрсіі ратаўнічай службы, у апарат мог трапіць пабочны прадмет. Але на камбінаце лічаць, што ці праводка замкнула, ці сам рабочы мог курыць побач, а значыцца – сам мог быць вінаваты.

Пакуль яшчэ ідзе расьсьледаваньне – нічога канкрэтна аб прычынах здарэньня невядома. Але быў вельмі паказальны выпадак, калі падчас рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу кранаўшчык упаў разам з кранам у ваду і загінуў. Пасьля напісалі, што ён проста ўтапіўся.

“Так, першапачаткова той выпадак быў не зьвязаны з вытворчасьцю, – гаворыць галоўны тэхнічны інспэктар з абласной фэдэрацыі прафсаюзаў Мікалай Жук. – Калі справа раскруцілася, матэрыял быў у мяне, і па маіх дадатковых расьсьледаваньнях было даказана, што выпадак зьвязаны з вытворчасьцю. Атрымлівае гэтая жанчына па сыну восемдзесят мільёнаў аднаразовую матэрыяльную дапамогу, і Белдзяржстрах выплаціў сярэдні гадавы заробак”.

Паводле абласнога пагадненьня, што рэгулюе адносіны паміж прафсаюзамі і наймальнікамі, за гібель працаўніка трэба заплаціць родным дзесяць яго гадавых заробкаў. Але калі на прадпрыемстве фінансавыя цяжкасьці, гэтую суму можна выплачваць цягам пяці гадоў роўнымі часткамі з улікам інфляцыі.

“Летась толькі па сьмяротных выпадках, што здарыліся ў нас, каля мільярда рублёў выплачана сем’ям тых, хто загінуў на вытворчасьці, – расказвае Мікалай Жук. – Ёсьць такі пункт у абласным пагадненьні – 17.10, згодна зь якім выплачваецца аднаразовая дапамога. Прафсаюзы і напамінаньні кіраўнікам робяць, і вось такі вынік. Я тут працую пяць гадоў, гэта ўпершыню мы спрацавалі, што такая аграмадная дапамога аказаная сем’ям”.

Мікалай Жук зазначае: некаторыя кіраўнікі імкнуцца затрымаць выплату кампэнсацыі альбо зусім ня выплаціць яе.

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Азот” Сяргей Антусевіч так ацэньвае праблему траўматызму на прадпрыемствах:

“Па-першае, сыстэма сапраўды застаецца ў нас савецкая: ёсьць паказчыкі, якіх ніхто ня хоча псаваць. Калі чалавек загінуў на вытворчасьці, тут ужо не схаваеш, але выпадкі без асаблівых наступстваў у дзевяноста працэнтах проста хаваюцца. Хаваюцца і самімі рабочымі, і начальствам, якое ідзе на ўсё, каб толькі не дапусьціць афармленьня актаў, каб не было прызнана, што гэты выпадак здарыўся на вытворчасьці. Таму што гэта цягне за сабой, па-першае, разбор, па-другое, усе віды дэпрэміяваньня для начальнікаў”.

Сяргей Антусевіч зазначае, што рабочыя часта ня ведаюць сваіх правоў, а калі ведаюць, ім вельмі цяжка ісьці супраць начальства, каб давесьці, што ў здарэньні ёсьць віна прадпрыемства і што чалавек пацярпеў ня проста праз уласную неасьцярожнасьць.
XS
SM
MD
LG