Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як прэзыдэнцкі ўказ паўплывае на кошты аўтамабіляў?


Іна Студзінская, Менск Увоз у Беларусь больш чым адной аўтамашыны ў год будзе лічыцца прадпрымальніцтвам. Гэта вынікае з прэзыдэнцкага Ўказу №503 “Аб ільготным перамяшчэньні праз мытную мяжу тавараў для асабістага карыстаньня”.

Бальшыню патрыманых аўтамабіляў ў Беларусь дастаўляюць з краінаў Эўропы. Некаторыя самі едуць за мяжу і купляюць машыну для сябе. Але бальшыня беларусаў альбо замаўляе аўто так званаму перагоншчыку, які прывозіць пад “замову” машыну пэўнай маркі, мадэлі, колеру, альбо выбірае сваю мару на аўтарынках.

Новым указам (цытую) “уводзяцца абмежаваньні па ўвозу аўтамабіляў для асобаў, якія не зьяўляюцца ўладальнікам транспартнага сродку і не рэгіструюць гэты від прадпрымальніцкай дзейнасьці”.

Экс-старшыня Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч кажа, што гэты ўказ ударыць ня толькі па перагоншчыках, якія гэтым зарабляюць, але і па простых грамадзянах, якія прывозяць аўто для сябе і сваёй сям’і:

“Я купіў аўтамабіль. Ну, не спадабаўся ён мне. А другі пастаянна ламаўся. Я, натуральна, ад яго пазбавіўся. Што – цяпер я не магу прывезьці трэці аўтамабіль – сабе? А калі я – адзіны мужчына ў сям’і, хіба я не магу прывезьці аўто для сястры, для старой маці, каб яна езьдзіла на лецішча? Чаму я гэта не магу зрабіць?”

Перагоншчык Пётр новым указам ня зьдзіўлены. Але перакананы, што ягоныя калегі вымушаныя будуць шукаць нейкае выйсьце:

“Даўно чакалі чаго-небудзь падобнага. Ціснулі “растаможкай” – не атрымалася, народ усё адно бярэ машыны з Эўропы. Зараз будуць іншымі мэтадамі закрываць. Магчыма, “перагоны” стануць “перакупамі”. “Перакупы” – гэта тыя людзі, якія на ўнутраным рынку варацца. У любым выпадку, будуць шукаць лазейкі”.

Перагоншчык Сяргей абвяргае распаўсюджанае меркаваньне пра шалёныя прыбыткі тых, хто ганяе машыны з-за мяжы.

“Сказаць, што ў перагоншчыкаў вельмі вялікія заробкі – такога няма. Маса праблем пры праходзе мытні, мяжы. Яшчэ праблемы такога кшталту: прыгнаў машыну, а яна можа “завіснуць” і не адзін месяц прадавацца, а грошы ўсе ўкладзеныя ў машыну. Калі ты прадаў яе за тыдзень – здорава, зарабіў, паехаў – узяў наступную. А калі яна завісла – кожны тыдзень рынак, мойка, гэта даляраў 50 пацягне. Пакуль прадасі – яшчэ і ў “мінусе” апынесься. Ня так усё лёгка, як здаецца”.

Былы старшыня Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алег Маркевіч пацьвярджае словы перагоншчыка Сяргея:

“Людзі, якія ўвозяць машыны, яны на законных падставах яго "растамажваюць", плацяць усе магчымыя і немагчымыя падаткі і паборы. Наварваюць перагоншчыкі ад 500 да 700 даляраў. І паверце, гэтыя грошы заробленыя, бо чалавек ня сьпіць па начах, едзе, рызыкуе маёмасьцю, падвяргаецца “наездам” дарожных бандытаў, паборам усіх дарожных паліцыянтаў... Гэта вельмі няпростая праца”.

Старшыня Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што перагон аўтамабіляў – гэта бізнэс, які павінен быць зарэгістраваны, зь якога таксама трэба плаціць падаткі:

“Калі шмат аўтамабіляў чалавек пераганяе – гэта бізнэс. І гэта праўда. Дык у чым тут праблема? Чаму перагоншчыкі не павінны рэгістраваць свой бізнэс? Усё ж гэта вельмі дакладна рэгіструецца на мяжы і на мытні. І калі чалавек за год пераганяе, скажам, дзесятак аўтамабіляў – у яго прыбытак. Няхай аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, плаціць падаткі і працуе”.

Перагоншчык Сяргей кажа, што ён і ня супраць аформіць свой бізнэс. Але...

"Дык не дадуць жа працаваць, задушаць падаткамі, праверкамі. Да таго ж, з усімі тымі ж самымі праблемамі на мяжы, мытні людзі будуць сутыкацца”.

Перагоншчык Пётр перакананы, што ўсё адно ягоныя калегі будуць шукаць, так бы мовіць, “аб’яздныя шляхі”.

“Дапусьцім, я ганю вам машыну. Тэлефаную зь Нямеччыны, кажу, што буду ў польскай Кузьніцы такога чысла. Вы бярэце квіток на поезд. Мы з вамі разьлічваемся, вы сядаеце за руль машыны і адразу афармляеце яе на сябе, як будучая ўладальніца. Вось схема, якая ляжыць на паверхні”.

Меркаваньне экс-старшыні Асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту Алега Маркевіча:

“Нас зноў заганяюць ў нейкае “заканадаўчае гета”. Машыны як ганялі, так і будуць ганяць. Пытаньне ў тым, хто іх будзе ганяць – палякі, літоўцы, хтосьці яшчэ? На маю думку, сёньня гэта лабіруюць ўладальнікі часовых мытных складоў. Памятаеце, некалі яны прапаноўвалі: маўляў, прыходзьце на гэты склад, вы выбераце аўто, яго прадыягназуюць... Але ж яны не здолелі канкурыраваць з простым перагоншчыкам!”
XS
SM
MD
LG