Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адменіць Эўразьвяз санкцыі да беларускіх чыноўнікаў?


Віталь Цыганкоў, Менск Эўрапейскі Зьвяз прыпыніў абмежаваньні на ўезд узбэцкіх чыноўнікаў, уведзеныя ў сувязі з адмовай Узбэкістану дапусьціць міжнароднае расьсьледаваньне падзеяў у Андыжане. Пры якіх умовах могуць быць зьнятыя ўязныя санкцыі супраць беларускіх кіраўнікоў? Наколькі эфэктыўная тактыка крокаў насустрач, якую прымяняе Эўразьвяз у дачыненьні да аўтарытарных рэжымаў? Што для Эўропы важней – інтарэсы альбо каштоўнасьці? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабоды” старшыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль.

Цыганкоў: “Прыпыненьне санкцыяў супраць узбэцкіх чыноўнікаў можа даць пэўны прыклад беларускаму кіраўніцтву. Аказваецца, санкцыі могуць ня толькі ўводзіць, але і здымаць. Гэтыя дні ў Менску знаходзіцца спэцыяльны дакладчык у справах Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Андрэа Рыгоні. Аналітыкі сьцьвярджаюць, што адносна лібэральныя паводзіны беларускіх ўладаў падчас “Эўрапейскага маршу”, неразгон гэтай акцыі – гэта рэвэранс у бок Эўропы. Ці павінны эўрапейскія структуры рабіць нейкі крок у адказ?”

“Пэўныя колы гатовыя ісьці на саступкі Менску”

Кароль: “Індульгенцыя чыноўнікам – гэта неабходная мера, ва ўсе часы яна рабілася для падтрымкі нейкай ўнутранай апазыцыйнай тэндэнцыі. У нашым беларускім выпадку – тэндэнцыі да рэформаў.

Ці пойдуць Менск і Эўразьвяз на далейшыя саступкі? Мяркую, што мяжа Эўропай вызначаная. Яны сыходзяць з двух крытэраў – уласных інтарэсаў і прынцыповых каштоўнасьцяў. Ня думаю, што Эўропа адыдзе ад сваіх прынцыповых каштоўнасьцяў і пойдзе на саступкі без выкананьня хаця б аднаго галоўнага пункту з 12 прапановаў Эўразьвязу – гэта вызваленьне палітычных вязьняў”

Цыганкоў: “Спадар Кароль гаворыць пра стратэгічнае стаўленьне. Зразумела, што Менск на некія радыкальныя рэформы палітычнай сыстэмы ісьці ня можа і ня хоча. Але ў тактычным сэнсе – зрабіць маленькі крок насустрач? Ці не магчыма такое разьвіцьцё падзеяў зараз з улікам, што Менск пачынае перамовы па газу з Масквой і хацеў бы, каб Эўразьвяз быў як мінімум нэўтральным назіральнікам?”

Лялькоў: “Менск і так лічыць, што ён пайшоў на значныя саступкі Эўропе. Той самы неразгон “Эўрапейскага маршу”, прынцыповая згода на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі. Афіцыйныя ўлады лічаць гэтыя крокі цалкам дастатковымі, каб чакаць нейкіх крокаў у адказ.

Як на гэта адрэагуе Эўропа, мне сказаць вельмі цяжка. Не аднойчы ўжо казалася і пісалася, што, на жаль, Эўразьвяз ня мае на сёньняшні дзень адзінай зьнешняй палітыкі, у тым ліку да Беларусі. Там ёсьць розныя плыні, у тым ліку тыя, якія гатовыя ісьці на пэўную лібэралізацыю стасункаў з афіцыйным Менскам. Баюся, што спадар Рыгоні, які зараз знаходзіцца ў Менску, якраз ёсьць прадстаўніком гэтых колаў, назавем іх “галубамі”, якія гатовыя ісьці на саступкі Менску. Якая тэндэнцыя пераможа ўнутры Эўразьвязу зараз вельмі цяжка сказаць”

Цыганкоў: “Нагадаю, што санкцыі Эўразьвязу пакуль дзейнічаюць супраць шэрагу высокіх беларускіх чыноўнікаў. Пры якіх варыянтаў, пры якім разьвіцьці падзеяў гэтыя санкцыі могуць быць зьнятыя?”

“Рэжыму больш важна магчымасьць атрымліваць крэдыты”

Кароль: “Думаю, што пры пэўным зруху да эканамічнай лібэралізацыі, і пры вызваленьні Казуліна ды іншых палітычных вязьняў. І гэта мог быць знак, які спрыяў бы ўзмацненьню ўнутры кіроўнага лягеру тэндэнцыяў да рэформаў, якія, як яны адчуваюць, патрэбныя. Што тычыцца лібэралізму адносна Эўрапейскага маршу, то гэта таксама праява тэндэнцыяў унутры намэнклятурнага кола. Там ёсьць групоўкі, настроеныя, скажам так, праэўрапейскі. Таму пэўны станоўчы сэнс у магчымасьці адмены санкцыяў ёсьць”.

Лялькоў: “Калі мы пачалі гаварыць пра магчымае зьняцьцё візавых абмежаваньняў супраць беларускіх чыноўнікаў, думаю, што Эўропа пачакае з такім крокам да парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Якраз, мяркую, цяпер унутры кіроўнага беларускага лягеру праходзяць дыскусіі, як правесьці гэтыя выбары – ці паводле звыклага сцэнару ці даць нейкі сыгналь Эўропе, што магчымыя зьмены.

Думаю, што рэжыму на сёньня больш важна адліга ў эканамічных дачыненьнях, магчымасьць атрымліваць крэдыты. Улада стаіць перад небясьпекай таго, што магчымыя сур’ёзныя эканамічныя цяжкасьці, якія могуць выклікаць сацыяльную напружанасьць. Таму дэманстрацыя магчымай лібэралізацыя. Гэткая прынада для Эўропы будзе выкарыстоўвацца ўвесь час, а мяжой стануць выбары 2008 году”.

Цыганкоў: “Пра гэта якраз і гаварыў Аляксандар Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі, што Беларусь гатовая ісьці на самае шырокая супрацоўніцтва з Эўропай у эканамічнай і энэргетычнай сфэрах, але ня бачыць прарываў у палітычным супрацоўніцтве. Ці можа Эўропа прыняць такія правілы гульні і не зьвяртаць вялікую ўвагу на палітычныя пытаньні?”

Кароль: “Я думаю, што гэта выключана. Пазыцыя на дэмакратычныя каштоўнасьці ў адносінах з Беларусьсю вызначана даволі цьвёрда. Гэтыя ўмовы Эўропа магла б прыняць ужо даўно – пайсьці на эканамічнае супрацоўніцтва без палітычных пытаньняў, але гэта не адбылося да сёньняшняга дня. І думаю, што не адбудзецца”

Цыганкоў: “Інтарэсы і каштоўнасьці. Што будзе пераважаць і што павінна пераважаць у эўрапейскай палітыцы да Беларусі?”

Лялькоў: “Калі казаць пра тое, што павінна – то натуральна, адказ адназначны: каштоўнасьці. Але тут ёсьць небясьпека ціску на палітыкаў з боку эўрапейскага бізнэсу, які зацікаўлены ў засваеньні аднаго з найменш засвоеных у Эўропе рынкаў – беларускага. Італія ўжо дала крэдыт Беларсі, аўстрыйская напаўдзяржаўная кампанія купіла Velcom, Я думаю, што гэтыя тэндэнцыя будуць працягвацца. Калі палітычныя ўлады зашмат залежыць ад бізнэсу (у кожнай краіне Эўропы па-свойму), то такая паўзучая нармалізацыя эканамічных стасункаў пры захаваньні палітычнай напружанасьці можа адбывацца.”

Скасаваньне візавых санкцыяў: “за” і “супраць” 16.10.07

Рэвэрансы Менску ў бок Захаду скончацца па перамовах з Масквой аб газе? 16.10.07
XS
SM
MD
LG