Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трагедыя Хатыні ў стылі індастрыэл


Дзьмітрый Падбярэзскі, Менск Да тэмы трагедыі Хатыні зьвярнуліся маладыя музыкі розных краінаў, якія выступаюць у галіне экспэрымэнтальнай музыкі. Вынік іх працы -- зборны альбом, які атрымаў назву на латыні “Хатынь: tacet, sed loqouitur” -- “Хатынь: маўчыць, але прамаўляе”.

Новая музыка да вядомага фільму

У 1986 годзе на Ўсесаюзным кінафэстывалі музыка Алега Янчанкі да кінафільму “Ідзі і глядзі” Элема Клімава паводле “Хатынскай аповесьці” Алеся Адамовіча была адзначана ўзнагародай журы.

У 2004 годзе менская выдавецкая фірма “Stigmata” зьвярнулася да музыкаў розных краінаў з прапановай стварыць нешта накшталт умоўнага саўндтрэку да гэтай стужкі пад назовам “Хатынь: маўчыць, але прамаўляе”. Паводле задумы, у праекце ўдзельнічалі выканаўцы ў стылістыцы дарк эмбіент, індастрыэл, готык, а таксама выканаўцы фальклёрнай музыкі. Кожны з удзельнікаў праекту меў магчымасьць пабачыць як сам фільм, так і скарыстаць інфармацыю, разьмешчаную на сайце www.khatyn.by. У выніку ў дыск увайшлі творы, напісаныя музыкамі зь Беларусі, Расеі, Францыі, Італіі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Літвы.

Кіраўнік фірмы “Stigmata” і ініцыятар праекту Ігар Мацюноў гэтак тлумачыць матывы, якімі ён кіраваўся, задумаўшы зборнік.

(Мацюноў) “Патрэбна была тэма, якая б мела рэзананс. У якасьці тэмы ўсплыла Хатынь, таму што на аснове гісторыі Хатыні быў зьняты фільм “Ідзі і глядзі”. Фільм гэты дастаткова вядомы за мяжой. Што найбольш істотнае, многія там лічаць яго нейкай фэнтэзі-гісторыяй, фільмам жахаў, заснаваным на фантазіях аўтараў. Вось нам і захацелася паказаць, што гэта зусім ня так”.

Шок ад гісторыі

Праца над дыскам працягвалася больш за два гады, прычым некаторыя з меркаваных удзельнікаў адмовіліся ад удзелу ў ім, калі падрабязна пазнаёміліся з хатынскай трагедыяй. Як патлумачыў Ігар Мацюноў, яны атрымалі эмацыйны шок. Наогул музыкі не ставілі мэтай па-новаму агучыць стужку. Таксама не было ў іх імкненьня падкласьці напісаныя кампазыцыі пад асобныя эпізоды фільму.

(Мацюноў) “Мы не ставілі перад сабой мэту стварыць менавіта альтэрнатыўную гукавую дарожку. Проста папрасілі людзей выказацца адносна гэтай тэмы”.

Музычны рымэйк — справа звычайная

Калі зьвярнуцца да гісторыі кінэматографу, такія праекты не выглядаюць нечым незвычайным. Але наколькі гэта этычна — ствараць няхай і ўмоўную, але ўсё ж новую гукавую дарожку да вядомага фільму, не пытаючыся пра гэта ягоных аўтараў? Кампазытар Віктар Капыцька, аўтар музыкі да добрай сотні кінафільмаў, расцэньвае сытуацыю наступным чынам.

(Капыцька) “Мы маем стужкі 20-х гадоў, якія рабіліся бяз гуку. І ў 60-я гады Шастаковіч, напрыклад, сваёй музыкай расфарбаваў стужкі Эйзенштэйна. Дзесьці ў 70-я гады кампазытар Аўчыньнікаў, якога мы добра ведаем па музыцы да стужак Таркоўскага, напісаў музыку да стужкі “Зямля” Даўжэнкі. Калі нейкія людзі іншай генэрацыі чуюць і адчуваюць нешта іншае наконт пэўнага матэрыялу, дык, я думаю, гэта можна зрабіць і цікава, і вельмі крэатыўна”.

Рэклямная кампанія зборніку «Хатынь: маўчыць, але прамаўляе» ў Беларусі не праводзілася. Знайсьці дыск можна толькі ў дзьвюх кропках Менску: на Ўправе БНФ і ў краме "Brjn Dream". Асноўная частка накладу была скіравана за мяжу.
XS
SM
MD
LG