Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Ці доўга пражыве новая аранжавая кааліцыя?


Алена Струвэ, Прага Празаходнія ўкраінскія сілы, якія выйгралі нязначную большасьць галасоў на парлямэнцкіх выбарах ў мінулым месяцы, дасягнулі папярэдняга пагадненьня пры фармаваньні будучага ўраду. У Кіеве блёк Юліі Цімашэнкі і прапрэзыдэнцкі блёк “Наша Ўкраіна – Народная самаабарона” пагадзіліся стварыць парлямэнцкую кааліцыю.

Учора позна ўвечары Юлія Цімашэнка ўрачыста абвясьціла пра стварэньне чарговай аранжавай кааліцыі паміж яе блёкам і блёкам Віктара Юшчанкі.

У часе прэсавай канфэрэнцыі Цімашэнка паабяцала рэформы:

"Парлямэнт новы, новыя людзі ва ўладзе, і таму дэмакратычная каманда мае ўсе падставы, каб пераўтварыць усе сфэры жыцьця так, каб людзі адчулі рэальныя зьмены ў краіне”

Шэраг украінскіх ды замежных назіральнікаў адзначаюць, што гэткія абяцаньні ўжо гучалі тры гады таму. Наколькі падобная і наколькі адрозная цяперашняя сытуацыя ад той, якая мелася ў 2004 годзе? Гаворыць аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк.

“Два гады таму сытуацыя была трошкі іншая, бо для кааліцыі была патрэбная яшчэ нейкая трэцяя сіла. Аранжавыя хацелі аб’яднацца з сацыялістамі, але не ўдалося, бо тыя перакінуліся да партыі рэгіёнаў Януковіча. Гэта асноўная розьніца. Падабенства ж у тым, што зноў стваральнікі аранжавай рэвалюцыі стаяць перад шанцам збудаваць кааліцыйны ўрад, зь якім можна зьвязваць надзеі на ўмацаваньне заходняга вэктару ўкраінскай замежнай палітыкі”.

Наколькі жыцьцяздольная новая аранжавая кааліцыя? Як сьведчыць у інтэрвію агенцтву Associated Press Юлія Цімашэнка, цяперашняя лучнасьць яе блёку з блёкам Юшчанкі больш трывалая за папярэднюю. “Мы зрабілі ўрокі з таго, што здарылася ў мінулыя гады”, кажа яна. “Мы цьвёрда ведаем, што рабіць і як, і з якой камандай” Тым часам шэраг назіральнікаў выказваюць пэўны сумнеў у гэтай сувязі і спасылаюцца на канкрэтныя вынікі нядаўніх парлямэнцкіх выбараў. З 450 месцаў у Вярхоўнай Радзе найбольшую колькасьць месцаў узяла партыя рэгіёнаў – 175. Потым блёк Юліі Цімашэнкі – 156, блёк Віктара Юшчанкі –72, камуністы – 27, блёк Літвіна –20. Кааліцыя аранжавых, такім чынам, са сваімі 228 галасамі мае ўсяго на два мандаты болей, чым гэта трэба для прыняцьця заканадаўчых актаў. Нялішне ўзгадаць тое, што ўжо раней было ва ўкраінскім парлямэнце. Пры невялічкай перавазе галасоў кіроўнай кааліцыі праціўнікам удавалася перакупляць галасы і перацягваць апанэнтаў у свой лягер.

Як лічыць аналітык Ян Максімюк, другая аранжавая кааліцыя ва Ўкраіне будзе мець такое ж кароткае жыцьцё, што і першая:

“Я баюся, што гэтая кааліцыя можа разваліцца ўжо на першай сэсіі парлямэнту. Падумаем, што станецца, калі ня ўдасца зацьвердзіць Юлію Цімашэнку ў якасьці прэм''ера. Гэта магчыма. У той жа “Нашай Украіне” ёсьць шмат людзей, між іншым, былы прэм''ер Юры Еханураў, які адкрыта кажа, што ён ня хоча паўтараць старыя памылкі, рабіць кааліцыю з блёкам Юліі Цімашэнкі і што самая карысная кааліцыя – гэта кааліцыя з Партыяй рэгіёнаў, якая будзе мець перавагу ў парлямэнце. І яны нават праграмна стаяць бліжэй да Партыі рэгіёнаў, калі браць эканамічную палітыку, а не замежную”.
XS
SM
MD
LG