Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пародыя" – рэакцыя праваабаронцаў на прыпыненьне санкцыяў ЭЗ супраць Узбэкістану


Вольга Караткевіч, Прага "Трывожыць", "Прыгнятае", "Пародыя". З абурэньнем арганізацыі абароны правоў чалавека ды іншыя зрэагавалі на рашэньне Эўрапейскага Зьвязу зьмякчыць санкцыі супраць Узбэкістану. Санкцыі былі накладзеныя два гады таму пасьля забойстваў дэманстрантаў ва ўзбэцкім горадзе Андыжан.

У панядзелак міністры замежных справаў Эўразьвязу вырашылі прыпыніць на шэсьць месяцаў забарону на выдачу візаў васьмі ўзбэцкім дзяржаўным чыноўнікам. У якасьці тлумачэньня гэтага рашэньня эўракамісар замежнай палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр сказала, што Эўрапейскі Зьвяз вельмі заклапочаны сытуацыяй з правамі чалавека ва Ўзбэкістане.

Але яна нагадала пра ўдзел Ташкенту на працягу апошніх 12 месяцаў у абмеркаваньні з экспэртамі Эўразьвязу падзеяў у Андыжане і ў дыялёгу аб правах чалавека. Таксама спадарыня Фэрэра-Вальднэр адзначыла вызваленьне некаторых палітзьняволеных і адмену сьмяротнага пакараньня:

"Мы пабачым, ці гэта нешта нам дасьць. Але я думаю, мы павінны паспрабаваць, вельмі-вельмі дакладна. І як я сказала, самая шматлюдная краіна ў рэгіёне – гэта нашая стратэгічная краіна ў Цэнтральнай Азіі. Я ня думаю што мы павінны проста так пакінуць яе. Я лічу, трэба супрацоўнічаць зь імі і намагацца працаваць – крок за крокам – для таго, каб палепшыць сытуацыю з правамі чалавека".

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Узбэкістану пасьля гвалтоўнага разгону дэманстрацыяў у Андыжане ў траўні 2005 году.

Узбэцкі ўрад вінаваціць узброеных ісламістаў у арганізацыі непарадкаў у Андыжане. Афіцыйная лічба загіблых – 190 чалавек. Але праваабарончыя арганізацыі гавораць, што забітыя былі сотні дэманстрантаў.

Адмена санкцыяў выклікала абурэньне ў праваабаронцаў. Human Rights Watch назвала гэта пародыяй і недарэчным падарункам Ташкенту. Таліб Ягубаў, які з замежжа кіруе Таварыствам правоў чалавека ва Ўзбэкістане, сказаў, што правы чалавека страцілі ўвагу і заклапочанасьць:

"Улады Ўзбэкістану гуляюць сваю гульню з сусьветнаю супольнасьцю і з сваім народам на працягу 18 гадоў. Эўрапейскі Зьвяз улучыўся ў гэтую гульню. Эўразьвяз ці ня бачыць хлусьні ўзбэцкіх уладаў ці робіць выгляд, што ня бачыць яе. На жаль, двайныя стандарты пераважаюць. Некаторыя краіны Эўразьвязу, выглядае, не разумеюць прыроды дыктатуры ці яны ня хочуць яе бачыць з прычыны канкрэтных інтарэсаў. Шкада".

Некаторыя краіны раней хацелі зрабіць санкцыі супраць Узбэкістану больш жорсткімі. Брытанія, Нідэрлянды, Ірляндыя і Швэцыя заяўлялі, што Ўзбэкістан не пачаў істотных зьменаў у пытаньні правоў чалавека. Адказная за стратэгію Эўразьвязу ў Цэнтральнай Азіі Нямеччына і цяперашняя краіна-старшыня Эўразьвязу Партугалія даводзілі, што працяг ізаляцыі Ўзбэкістану заблякуе ўплыў Эўразьвязу ў стратэгічна важным, багатым на рэсурсы рэгіёне, за які змагаецца Расея і Кітай.

• Беларускія чыноўнікі пра санкцыі з боку ЗША, 28.02.2007 • У сьпісе асобаў, супраць якіх падоўжаныя санкцыі, сын Лукашэнкі Віктар, 15.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG