Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сасноў: У сына Лукашэнкі няма асабістага рэйтынгу


Ганна Соўсь, Менск Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў абнародаваў вынікі нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі ў Беларусі, якое правялі ў верасьні. Вынікі апытаньня паказваюць, што рэйтынг кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зьнізіўся, аднак застаецца на ўзроўні амаль 45%. Амаль 68% апытаных выступаюць супраць таго, каб пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта стаў ягоны сын.

Крыху больш за 16% беларусаў добра ставяцца да таго, што пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі можа стаць ягоны сын. У апытаньні не ўдакладняецца, які менавіта сын.

“Сын Лукашэнкі хаваецца за рэйтынгам бацькі”

Намесьнік дырэктара зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў зьвяртае ўвагу на тое, што сыны прэзыдэнта ня маюць асабістага рэйтынгу.

“Мы рэйтынгу сына не вызначалі. Ёсьць такая думка аналітыка, што ягонага асабістага рэйтынгу няма, бо ён хаваецца за рэйтынгам бацькі. Ён не публічны палітык, ён не вядомы насельніцтву. Ведаюць, што такі ёсьць — але хто ён, што ён? Калі спытаць пра яго, і мы вызначым нейкую лічбу, то гэта будзе люстэрка, якое дае промні ад бацькі”, — лічыць Аляксандар Сасноў.

“У Беларусі такі рэйтынг лічыцца нізкім для Лукашэнкі”

Што да рэйтынгу дзейнага прэзыдэнта, то на пытаньне “За каго б вы прагаласавалі, калі б заўтра адбыліся выбары прэзыдэнта?”, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала б амаль 45% апытаных.

Аляксандар Сасноў працягвае:

“Трохі зьнізіўся, каля 45%. Гэта дастаткова высокі рэйтынг. У іншых краінах палітыкі, якія кіруюць дзяржавай, пры такім рэйтынгу вельмі задаволеныя. Але ў нас краіна не зусім звычайная, і тут такі рэйтынг лічыцца маленькім для Лукашэнкі. І ён прымушае чыноўнікаў нешта рабіць, а з другога боку, гэты рэйтынг не такі ж маленькі, каб разьлічваць на нейкія складанасьці для ўлады”.

Аляксандар Сасноў зьвяртае ўвагу на тое, што рэйтынг прэзыдэнта паступова зьніжаецца ад прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году — у красавіку 2006 году ён быў крыху большы за 60%, сёлета ў траўні — ужо 48%, цяпер — 45.

І гэта тэндэнцыя, лічыць сацыёляг.

Праведзенае ў верасьні апытаньне выявіла, што Сацыяльны марш падтрымлівае больш за 22% рэспандэнтаў, тады як Эўрапейскі марш — толькі 6,5%.

Аляксандар Сасноў удакладняе:

“Падтрымліваць — гэта яшчэ ня значыць выйсьці на гэты марш. Ведаеце, Эўропа ёсьць, ці яе няма — для страўніка вялікай ролі не адыгрывае. А вось Сацыяльны марш, так бы мовіць, пра страўнік нагадвае”.

Упершыню інстытут задаваў пытаньні пра стаўленьне людзей да высокіх беларускіх чыноўнікаў, а ня толькі прэзыдэнта.

Палова апытаных станоўча ацаніла дзейнасьць прэм’ера Сяргея Сідорскага, тады як каля 50% апытаных нічога ня ведаюць пра дзейнасьць старшыні Савету рэспублікі Генадзя Навіцкага і намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч.

55% ня ведаюць пра працу кіраўніка адміністрацыі Генадзя Нявыгласа і цяпер ужо экс-старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімера Канаплёва.

Крыху пра іншыя вынікі апытаньня. Каля 75% рэспандэнтаў ня хочуць уступаць у ствараны прапрэзыдэнцкі рух “Белая Русь”. 65% апытаных лічаць, што ня трэба скасоўваць ільготаў. Пры гэтым прыхільнікамі цяперашняй улады лічаць сябе 42% апытаных, а праціўнікамі — каля 20%.

Падчас нацыянальнага апытаньня, якое праводзіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраваны ў Літве, апыталі 1514 чалавек.

• А.Манаеў: праэўрапейскі выбар дэмсілаў стаў больш выразным, 29.05.2007 • Звыш 50 % беларусаў ня вераць у магчымасьць уплываць на ўлады, 7.03.2007 • Прыхільнікаў і праціўнікаў эўраінтэграцыі ў Беларусі пароўну, 22.02.2007 • Нафтагазавая вайна не паўплывала на рэйтынг Лукашэнкі?, 16.02.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG