Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: “У нас не імпэратарская дынастыя, разумееце”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як бы вы паставіліся да таго, каб пераемнікам Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта стаў ягоны сын? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.

Спадар: “Я нават ня ведаў, што ў яго сын ёсьць! Не, мне здаецца, гэта ўжо будзе кшталту сямейнай дынастыі, гэта будзе стаўленік, якому перадаецца “спадчына”. Асадак ад гэтага нейкі застанецца”.

Маладая спадарыня: “Мне не падабаецца сам факт перадачы ўлады ў спадчыну”.

Яе сяброўка: “Я цалкам згодная”.

Маладзён: “Мне гэта, канечне, не спадабалася б. Хацелася б пабольш свабоды”.

Сталы спадар: “У нас не імпэратарская дынастыя, разумееце? Таму — у ніякім разе! Прычым сыны ягоныя ніяк сябе не зарэкамэндавалі, адно што закончылі інстытут і працавалі не паводле спэцыяльнасьці, а куды іх уладкаваў баця. А цяпер яны абодва гуляюць у хакей —ну, дык няхай і гуляюць у хакей”.

Малады спадар: “Я адмоўна стаўляюся да гэтага”.

Спадар: “Вельмі дрэнна стаўлюся: будзе той жа самы курс, што й быў. Нават ня тое, што я так лічу, зьмены папросту неабходныя, бо мы ляцім у балота пятнаццаць гадоў ужо! Калісьці, памятаеце, нашыя ўлады вельмі моцна радаваліся, калі Літве адключылі электрычнасьць, газ. А цяпер Літва вельмі нармальна ўзьнімаецца, увогуле Прыбалтыка ўвайшла ў Эўропу. А мы як падалі пятнаццаць гадоў, так і падаем у гэтае балота. Вось менавіта таму я дрэнна стаўлюся да такой магчымасьці”.

Маладзён: “Да палітыкі я дачыненьне маю невялікае, але я быў бы ня “за”. Гэта значыцца, нельга прасоўваць так свайго сына, перадаваць уладу, я супраць”.

Спадар: “Адмоўна я стаўлюся: гэта ж не каралеўства Беларусь, а дзяржава — калі яна дэмакратычная, дык павінен быць і дэмакратычны выбар у людзей. А калі гэта каралеўства, тады будзе пераходзіць пасад у спадчыну…”

Сталы спадар: “Адмоўна стаўлюся да гэтай справы, таму што гэта падобна ўжо да самаўладзьдзя ці што… Карацей, вяртаньне да старога. Я лічу, што гэта па-чалавечы папросту непрыстойна”.

Малады спадар: “А хіба ў нас улада перадаецца ўжо ў спадчыну? Не, канечне”.

Яго жонка: “Я таксама лічу, што не, абсалютна з гэтым ня згодная, не павінна так быць”.

Муж: “Народ павінен выбіраць, а ня сам прэзыдэнт”.

Сталы спадар: “Гэта палітыка чучхэ, Карэйскай Народнай Рэспублікі”.

Спадар: “Старшыні калгасаў заўсёды цягнуць каго-небудзь са сваякоў за сабой. Так што і гэты так жа. Я нічога ў гэтым ня бачу — абы сын быў нармальным прэзыдэнтам”.

Спадар: “Я супраць, каб сын быў, досыць Лукашэнкі. Мяне не задавальняе сытуацыя, я лічу, што ў Беларусі ўсё-ткі дэспатызм, усё!”
XS
SM
MD
LG