Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяларучы: “Купала быў такі задуменны, такі музычны, такі ранімы. У шэсьць гадоў сядзе і нешта думае. Нешта сачыняе”


Зьміцер Бартосік, Бяларучы, Лагойскі раён Эфір 11 кастрычніка

Бяларучы — вёска невялікая й вельмі маляўнічая. Сваімі некалькімі вулкамі яна раскінулася на зялёных пагорках Лагойскага ўзвышша.

Сто дзесяць гадоў таму па гэтых пагорках зь недалёкага хутару Селішча крочыў на ўрокі вучань Бяларуцкага народнага вучылішча Іван Луцэвіч. Той краявід, які ён бачыў на сваім шляху, за апошнія гады непазнавальна зьмяніўся. Менск сваімі шэрымі дачамі дацягнуўся і сюды.

Але старая драўляная забудова галоўнай бяларуцкай вуліцы яшчэ памятае таго вучня. Калі прайсьці вуліцай ва ўсходні канец, можна ўбачыць тыповы аднапавярховы будынак сельскай школы.



Мэмарыяльная шыльда на сьцяне перад уваходам, з барэльефам Купалы, паведамляе, што клясык вучыўся тут. Трэба аддаць належнае дзьвюм настаўніцам, геаграфіі й фізыкі, спадарыням Зінаідзе й Таісіі. Яны сустрэлі незалежнага журналіста з максымальнай гасьціннасьцю і адразу павялі яго ў школьны літаратурны музэй. І абрынулі на мяне паток гістарычнай інфармацыі.



Зінаіда: “Экспазыцыя музэю больш пашыраная, чым тое, што даецца па творчасьці Янкі Купалы. Вы паглядзіце геаграфію вандровак. У гэтым годзе мы, напрыклад, зь дзяўчатамі рабілі такое дасьледаваньне — роля Даўгінаўскага тракту ў творчасьці Янкі Купалы. Як быў зьвязаны Даўгінаўскі тракт з творчасьцю Янкі Купалы. Яшчэ што ў нас тут? Пра вёску пісалі. У нас тут быў Канстанцін Тышкевіч”.

Таіса: “Раскопкі рабіў на гэтым замчышчы”.

Зінаіда: “Кутузаў у нас у 1812 годзе праходзіў, 23 лістапада, мы дакапаліся”.

Таіса: “Якуб Колас да нас прыяжджаў”.

Зінаіда: “У 1907-м і 1911-м. Пасьля астрогу ён тут у нас адпачываў”.

Таіса: “Чатырыста пяцьдзясят пяць гадоў вёсцы нашай”.

Зінаіда: “У 1551 годзе першая згадка”.



Я, прызнаюся, быў вельмі прыемна ўражаны гэтым сьціплым школьным музэем. Тут ёсьць і этнаграфічны куток, і палічка з Купалавымі выданьнямі. Але галоўнае ня ў гэтым.

Невялікая экспазыцыя разьлічаная на чалавека, які хоча і здольны ўбачыць у Купалу паэта нацыянальнага. Калі здымак клясыка, дык рэдкі, не хрэстаматыйны. Калі газэта на сьцяне, дык “Беларусь” 1920 году. Калі кніжачка пачатку ХХ стагодзьдзя, дык “Лемантар”. І колеравая гама ў музэі адпавядае ідэалам галоўнага героя. Маю ўвагу прыцягнуў стары фатаздымак сялянкі.

Таіса: “Вось такога вы нідзе ня чулі. Гэта бабка Марыля, якая ў свой час танчыла з самім Янкам Купалам. Наша местачковая жанчына. Быў выпускны баль у Бяларуцкім народным вучылішчы. Яна прыйшла ў саматканай сьвітцы, у лапцях. І яе на танец запрасіў сам Янка Купала”.

Карэспандэнт: “А што яны расказвалі пра яго?”

Таіса: “Пра Купалу што расказвалі? Разам з Купалам вучыўся Фёдар Вардамскі. Памёр у 1966 годзе. Расказваў, што своеасаблівы быў чалавек. Цікавы быў. Гаварыў на беларуска-польскай мове. Яны ж каталікі па сваім веравызнаньні. Вельмі цікавіўся кніжкамі.

Нават такі ёсьць выпадак, што былі вакацыі ў Бяларуцкім народным вучылішчы. І настолькі Купала закапаўся ў бібліятэцы, што забыўся, што трэба ехаць. Бацька прыяжджаў сюды і яго забіраў. Расказваюць, што бацька прывозіў яго сюды, прывозіў яму есьці. І калі сканчаліся крупы, што прывозілі.

Была нават такая гісторыя, старажылы расказвалі, называлі “Купалава каша”. Усё, што ў яго заставалася, і гарох, і фасоля, зьмешваў — “Вшыстко едно ў страўніку ўсё перамелецца”. Гэта была яго такая фраза. У асноўным мы матэрыял бралі наш мясцовы, каб дзецям не надакучаць, пра адно і тое ж гаварыць”.

Карэспандэнт: “А вёска вялікая на сёньняшні дзень?”

Таіса: “Не. Можна сказаць, непэрспэктыўная. У Беларучах амаль нікога не засталося. Дачы кругом. Вёска жыве, бо тут школка знаходзіцца”.

Карэспандэнт: “А дзеці, што вучацца ў Бяларуцкай школе…”

Таіса: “З навакольных вёсак. У нас 83 вучні. У першай клясе адзін вучань”.

Карэспандэнт: “А менчукі не купляюць хатаў?”

Зінаіда: “Ой, у нас няма чаго купляць. Усё прададзена. Прычым, вельмі дорага”.

Карэспандэнт: “І колькі каштуе хата тут? Каштавала?”

Зінаіда: “Каля крамы адзін толькі фундамэнт прадаецца. 12 тысяч умоўных адзінак. Пытаньні ёсьць?”

Нашая размова працягнулася на прыгожым, аздобленым драўлянымі скульптурамі казачных герояў, школьным двары. Так, Бяларуцкая школа існуе да сёньня дзякуючы свайму колішняму вучню. Але, на жаль, за прамінулыя 110 гадоў вучні не нашмат апярэдзілі свайго знакамітага земляка ў дабрабыце.

Таіса: “Я клясны кіраўнік. У мяне сямнаццаць дзяцей. Гэта лічыцца самая вялікая кляса. Ёсьць дзеці, у якіх маці адна. Бацька ці памёр ад гарэлкі, ці ўвогуле не было. Ёсьць хлопчык, у якога бабка апякунка. Маці памерла, калі яму два гады было.

У нас у школе такая завядзёнка, што мы ня можам, каб не дапамагчы дзіцяці. Калі яно галоднае, дык у мяне ёсьць з сабою чай, ёсьць пячэньне, дык я яго пасадзіла і пакарміла. Калі я бачу, што яно прыйшло босае сярод зімы, у мяне ёсьць боты, хай яны ня занадта модныя, я прынесла і абула тое дзіця. У нас так”.

У бяларуцкіх кабет, нягледзячы на блізкасьць сталіцы, вельмі чыстая беларуская мова. Напэўна, гэта адзінае, што пакуль не зьмянілася з купалаўскага часу. Вось, напрыклад, мажная дабрадушная старая каля крамы згадвае пра маладосьць:

Старая: “У маладосьці пасядзім тут, пяём, і ноч прасядзім. Вось тут быў помнік. А дзе ён дзеўся, чорт яго ведае. На што яны яго згарнулі?”

Карэспандэнт: “Вы тут зьбіраліся?”

Старая: “Так. Мы тут без канца. Клюб быў, а клюб вартавала такая жанчына, старая ды бязьдзетная. Дык не пускала нас у клюб. Дык мы хоць на помніку ёй галаву надурым”.

Дарэчы, помнік, па якім так сумуе кабета, і каля якога прайшла яе маладосьць, гэта помнік ня Сталіну, і не Дзяржынскаму.

На плошчы перад крамаю стаяў уласнай пэрсонай імпэратар Аляксандар ІІ. Бюст цара скінулі падчас Лютаўскай рэвалюцыі. А вось пастамэнт павалілі нядаўна. Яго і цяпер вам пакажуць мясцовыя жыхары ў недалёкіх хмызах. Шкада. Таксама ж прыкмета тых, Купалавых, Бяларучаў. Як і старасьвецкі брук, які часам праглядаецца з-пад асфальту.

Цяпер цяжка паверыць, што ні шыльды, ні музэю ў Бяларучах магло б і не быць. Бо ініцыятыва, як заўжды, калі вядзецца пра беларушчыну, зыходзіла ад аднаго чалавека.

Гэтым чалавекам напачатку 1950-х была Яўгенія Баранчык. Тады маладая настаўніца беларускай мовы, якая прыехала ў Бяларучы са Шклова, а сёньня прыгожая сівая пані.



Яўгенія: “Чытаю біяграфію, што ў 1888 годзе Янка Купала скончыў Беларэцкае народнае вучылішча. А чаму Беларэцкая? Правапіс тады быў такі прымітыўны. Цёмны лес для настаўніцы. А спытаць няма дзе. Я да завуча. А завуч на мяне звысоку. Гаворыць: “Ну, былі ў нас артысты, але ж гэткіх яшчэ не было. Гэта ж трэба прыдумаць!”

Карэспандэнт: “І гэта нідзе не было зафіксавана?”

Яўгенія: “І нідзе не было зафіксавана. Ну, дачакалася я канікулаў. І ў музэй Купалы, да Ўладзіславы Францаўны, жонкі Купалы. А тады толькі адкрыўся гэты музэй. Яна гаворыць: “Дзеткі мае, вучыўся ён у гэтай школе”.

Бацька Купалы арандаваў зямлю. Канцы з канцамі ледзь зводзілі. Гэта сёстры так расказвалі. Расказваюць, што такі ён быў задуменны, такі музычны, такі ранімы. У шэсьць гадоў сядзе і нешта думае. Нешта сачыняе”.

Дзіўнае адчуваньне. У Бяларучах усе расказваюць пра Купалу з такой праўдзівай інтанацыяй, быццам ведалі яго асабіста.

Яўгенія: “Была такая Марыя Яфімаўна Мігай. Яны была дзяўчынкай гадоў дзесяці, у карчму хадзіла. Карчма стаяла, дзе я цяпер жыву. Хадзіла ў карчму на танцы. Расказвала, што Купала прыйдзе, дык ён яе падхопліваў на польку. Ну такі прасьцецкі хлопец быў. Гэта ўжо потым нейкі шляхетны гонар аднекуль узялі. Але ж з той граматай, якую ў Бяларучах узяў, так і пражыў усё жыцьцё”.

Карэспандэнт: “Дык атрымліваецца, што вы адкрывальніца гістарычнага факту”.

Спадарыня Яўгенія падарыла мне яшчэ адзін невясёлы факт. Шыльда з Купалавым барэльефам вісіць не зусім на належным ёй месцы. Школа ж паваенная.

А будынак той старой школы, дзе і знаходзілася народнае вучылішча, пакуль яшчэ стаіць. Ён зьмяніўся да непазнавальнасьці, абкладзены сылікатнай цэглай. У яго выбітыя шыбы й развалены ганак. Але менавіта гэтыя сьцены памятаюць голас Янкі Купалы. Гэты ганак памятае яго крокі.



Сёлетняя выпускніца Бяларуцкай школы Антаніна, дзяўчына прыгожая і абаяльная, паступіла ў эканамічны ўнівэрсытэт. Свой посьпех яна зьвязвае выключна з выкладаньнем дакладных навук у Бяларуцкай школе. Беларуская мова ў навучаньні хіміі і фізыкі ёй не замінала.

Карэспандэнт: “Янка Купала, ён як-небудзь прысутнічае ў вашым жыцьці, у сьвядомасьці вучняў Бяларуцкай школы?”

Антаніна: “Янка Купала — з гэтым духам, з гэтым настроем вучні вучацца ў гэтай школе. Я колькі разоў каму казала, што я вучылася ў школе Янкі Купалы, то такую цікаўнасьць выяўлялі да мяне. Распытвалі, дзе, што, калі, як.

Падтрымліваць дух Янкі Купалы, падтрымліваць настрой, тое, што ён даў нашаму народу, трэба. І вучні нясуць гэты настрой.

Я лічу, што мінус у тым, што наша кіраўніцтва прыняло дзьве дзяржаўныя мовы. Калі б нашае вышэйшае кіраўніцтва размаўляла на беларускай мове, то наш народ не размаўляў бы на расейскай мове. Размаўляў бы на сваёй”.

Карэспандэнт: “А вы ведаеце, дзе знаходзіцца той стары будынак народнага вучылішча?”

Антаніна: “На самай справе я ня ведаю, дзе знаходзіцца, і ў нашай школе не гаворыцца аб тым, дзе знаходзіцца старое гэтае вучылішча”.

Вось так. Антаніна ўсё жыцьцё прахадзіла паэтавымі сьцежкамі каля таго занядбанага дому, нават не здагадваючыся пра яго гісторыю. Зрэшты, за будучыню бяларуцкіх вучняў, для якіх Купала не забранзавелы ляўрэат, можна быць спакойным. А вось ці дажыве будынак купалаўскай альма матэр да наступнага юбілею народнага паэта Беларусі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG