Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на "Свабоду": "Ва ўсім вінаваты Лукашэнка зь ягонымі маскоўскімі амбіцыямі"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 16 кастрычніка, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз – падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Колькі ў нас у Беларусі людзей, якія жывуць на 200 тысяч, на 150, на 120?

Спадарыня: “Я хачу ў Вас спытаць, Радыё Свабода, колькі ў нас у Беларусі людзей, якія жывуць на 200 тысяч, на 150, на 120. Тых, хто да двухсот тысяч. Папрасіце палітыкаў, каб палічылі гэтых людзей і каб часьцей пра іх расказвалі. Я ведаю, што іх вельмі-вельмі многа. Але Вы скажыце, хай усе людзі чуюць, як мы багата жывем".

Адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

“У нашай краіне недзе 11-13% насельніцтва жывуць за рысай беднасьці, які акрэсьлены, як бюджэт пражытковага мінімуму. Гэтыя людзі маюць даход ніжэйшы, чым 200 тысяч. Дзяржава раздае сацыяльныя ільготы і датацыі, але гэтая сыстэма бязадрасная і не дазваляе бедным людзям адаптавацца да нармалёвага жыцьця”.

Спадзяюся, што на наступным маршы нас будзе тысяч 50-100

Анастас Сэмяновіч: “Я вельмі рады за нашых маладых хлопцаў і дзяўчат, які прынялі актыўны ўдзел у Эўрапейскім маршы. Бязь іх нам, старым, было б вельмі сумна. Быць каля Акадэміі навук. Я прыйшоў на Марш дзесьці а палове на другую. Інфармацыі ніякай напачатку не было. Потым паведамілі, што калёна ўжо ідзе з Кастрычніцкай плошчы. Мы, праўда, потым чалавек 15 арганізавалі сьпевы. Надвор’е было выдатнае. Толькі крыху халаднавата. Калі прыйшла калёна маладых хлопцаў і дзяўчат, я сябе адчуў таксама маладым. Я думаю. Нас было ня менш за 10-15 тысяч чалавек. Лічбу, якую назвалі, узялі проста з галавы, без усялякай аб’ектыўнасьці. Я спадзяюся, што на наступным маршы нас будзе тысяч 50-100. Няхай лукашысты пабачаць, што мы народ”.

Ільля Копыл, Менск: “У калёне Эўрапейскага маршу двое юнакоў распаўсюджвалі ўлёткі-налепкі. Мяркуючы, што гэта ўлёткі прыняць удзел у Сацыяльным маршы, які адбудзецца 4-га лістапада, я папрасіў даць мне асобнікаў 20-30, каб распаўсюдзіць іх у сваім двары. Сёньня, прама зараз, сабраўся на вуліцы і вырашыў забраць з сабой улёткі. Якое было маё зьдзіўленьне, калі я ўбачыў, што гэта ўлёткі з заклікам на ўчорашні марш. Атрымліваецца, што юнакі заклікалі прыняць удзел у Эўрапейскім маршы ўдзельнікаў Эўрапейскага маршу, ды і Марш падыходзіў да свайго заканчэньня – галава калёны набліжалася да плошчы Бангалор. Вось так з хуткасьцю чарапахі распаўсюджваецца інфармацыя сярод насельніцтва"

Беларусь зьяўляецца аскепкам зла ў цэнтры Эўропы

Спадар: “З праведзенай прэсавай канфэрэнцыі журналістамі Расеі і Эўрапейскім маршам раблю выснову, што лукашэнкаўская Беларусь зьяўляецца аскепкам зла ў цэнтры Эўропы. Грамадзкасьці сьвету трэба сур’ёзна падумаць пар гэта”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Некаторыя грамадзяне абвінавачвалі апазыцыю, што тая заклікае Захад увесьці санкцыі, а Расею падвысіць кошты на энэргарэсурсы. Захад увёў санкцыі нязначныя, Расея падвысіла кошты, таксама нязначна. У выніку пачалася нязначная беларусізацыя. Адсюль выснова. Трэба не на плошчы хадзіць, а мэтанакіравана падрываць эканоміку. Ва ўсім вінаваты Лукашэнка зь ягонымі маскоўскімі амбіцыямі”.

Спадар: “Я чуў выступ дэмакратычнага лідэра, які сказаў: “Я супраць узброенага захопу ўлады, таму што так зрабілі бальшавікі ў 1917-м, і ўсе ведаюць, чым гэта скончылася”. У мяне пытаньне: Вы што такія самыя?”

Адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Калі той палітычны лідэр сказаў, што мы ня хочам быць, як бальшавікі. То пытаньне, ці вы такія, як бальшавікі – абсалютна незразумелае”.



"Перадайце маё віншаваньне зь юбілеем Сяржуку Сокалаву-Воюшу"

Пётра Жураўлёў: “Вельмі прашу Вас павіншаваць зь днём народзінаў, зь 50-гадовым юбілеем Сяржука Сокалава-Воюша, таленавітага творцу, паэта, пісьменьніка, перакладчыка, барда. Талент яго – гонар для нашай нацыі. Вершы яго ўражваюць глыбінёй пачуцьцяў, дакладнасьцю і музычнасьцю складу. Здароўя яму, плёну ў творчай працы і зьдзяйсьненьня ўсіх мараў. З павагай”.

Валянціна: “Дарагая “Свабода,” будзе ў Вас магчымасьць, нагода, перадайце маё віншаваньне зь юбілеем Сяржуку Сокалаву-Воюшу. Мы зь ім разам працавалі ў школе Наваполацку, разам хадзілі па пакутах з марай, змаганьнем за беларускасьць у школе. Ды ня ўсё так проста. Памятаю яго зь бел-чырвона-белай стужкай на ілбе, яго вера, яго натхненьне, яго збаўленьне. Шчасьця табе Сяргей Анатольевіч, здароўя, посьпеху і песень пра Беларусь. Нам усё ж хочацца верыць, што змрок адыдзе”.
XS
SM
MD
LG