Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра апазыцыянэраў выйдуць на волю ў Дзень салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйдуць чацьвёра актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якія былі прэвэнтыўна арыштаваныя напярэдадні “Эўрапейскага маршу”. Усяго перад маршам за краты трапілі 25 дэмакратычных актывістаў у Менску і ў рэгіёнах. Яшчэ некалькіх чалавек затрымалі ці заблякавалі ў кватэрах за суткі да акцыі.

Сёньня ў Менску з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйдуць актывісты моладзевага дэмакратычнага руху Леанід Навіцкі, Мікіта Сасім, Зьміцер Бародка і Сьвятлана Гарохавік.

Леаніда Навіцкага спачатку арыштавалі за распаўсюджваньне эўрапейскай сымболікі на не санкцыянаваную ўладамі акцыю. Калі ён выйшаў на волю, яго сустрэлі Зьміцер Бародка і Святлана Гарохавік. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх празь некалькі хвілінаў і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пазьней, 12 кастрычніка, міліцыянты затрымалі Мікіту Сасіма і Паўла Юхневіча. Мікіту арыштавалі на пяцёра сутак, а Паўла – на сямёра.

Праваабаронца Ірына Тоўсьцік была на судзе. Яна паведаміла “Свабодзе”:

“Гэтых людзей затрымалі прэвэнтыўна для таго, каб яны ня трапілі на “Эўрапейскі марш”. Іх асудзілі на 15 сутак. Мікіту Сасіма затрымалі пазьней і таму далі толькі пяцёра сутак. У судзе ўжо было ўсё зразумела. Няважна, што казалі абаронцы, што казала міліцыя. Было такое ўражаньне, што ўжо ўсё сплянавана і будзе арышт. Пытаньне было толькі ў тым, колькі дадуць”.

Леанід Навіцкі, Сьвятлана Гарохавік, Мікіта Сасім і Зьміцер Бародка выходзяць на волю ў Дзень салідарнасьці, які беларускія дэмакратычныя сілы адзначаюць 16-га дня кожнага месяца ўжо больш за два гады.

“За падрыхтоўкай да “Эўрапейскага маршу” крыху забылася, што кожны месяц беларускі нацыянальны рух, беларуская моладзь адзначаюць гэты дзень супольнымі малітвамі і супольнымі акцыямі салідарнасьці, – гаворыць Павал Севярынец. – Мы не павінны забывацца і памятаць, што ў гэты час адбываюцца малітвы каля касьцёлу сьвятога Язэпа і акцыі падтрымкі Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Андрэя Клімава, Аляксандра Казуліна, а таксама ўсіх тых людзей, якія былі прэвэнтыўна арыштаваныя і дагэтуль яшчэ знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі”.

Моладзевыя актывісты будуць сустракаць Леаніда Навіцкага, Мікіту Сасіма, Зьмітра Бародку і Святлану Гарохавік а 5-й вечара. Пасьля гэтага яны могуць пайсьці разам запаліць сьвечкі каля былога кляштару на плошчы Свабоды і далучыцца да агульнай малітвы за зьніклых і палітвязьняў.

18 кастрычніка на волю выйдуць Яўген Афнагель і Павал Юхневіч. Яўгена Афнагеля, заяўніка “Эўрапейскага маршу”, затрымалі празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як ён выйшаў зь Менгарвыканкаму па перамовах з чыноўнікамі аб маршруце акцыі. Яўгена, як і амаль усіх іншых затрыманых апазыцыянэраў, абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

• Яшчэ два моладзевыя актывісты пакараныя арыштамі, 12.10.2007 • Без гукавой апаратуры сцэнар “Эўрапейскага маршу” можа зьмяніцца, 11.10.2007 • За тое, каб на прыпынках не было ўлётак, адказныя дворнікі, 03.10.2007
XS
SM
MD
LG