Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Старых Дарогах адкрываецца помнік Тадэвушу Касьцюшку


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Старых Дарогах адбудзецца адкрыцьцё помніка герою вызвольнага паўстаньня 1794 году Тадэвушу Касьцюшку. Імпрэза прымеркаваная да 190-х угодкаў з дня сьмерці Касьцюшкі і пройдзе ў прыватным музэі Анатоля Белага. Узяць удзел у адкрыцьці запрошаныя прадстаўнікі пасольства ЗША, вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы.

Гадавіна сьмерці кіраўніка антырасейскага паўстаньня ў Беларусі і Польшчы Тадэвуша Касьцюшкі прыпадае на 15 кастрычніка. Але адкрыцьцё помніка было адтэрмінаванае на дзень.

“Мы прымеркавалі сёньняшняе адкрыцьцё да прыезду сюды, у Старыя Дарогі, амбасадаркі ЗША, – тлумачыць ініцыятар імпрэзы, кіраўнік гістарычнага клюбу “Спадчына” Анатоль Белы. – Таксама паабяцалі прыехаць Аляксандар Мілінкевіч, старшыня пісьменьніцкага саюзу Алесь Пашкевіч і іншыя шаноўныя людзі. Так што імпрэза павінна стаць урачыстай і цікавай”.

Паводле Анатоля Белага, помнік Тадэвушу Касьцюшку ў ягоным старадароскім музэі па ліку сорак першы. Раней былі ўстаноўленыя барэльефы і помныя знакі Ларысе Геніюш, Васілю Быкаву, іншым слынным беларусам.

Гаворыць аўтар помніка Тадэвушу Касьцюшку, які пастаўлены ў амбасадзе ЗША ў Менску, скульптар Алесь Шатэрнік:

“Тое, што Белы робіць, я вітаю, вядома. У нейкім сэнсе гэта будзе такі кіч. Ну, кіч таксама павінен мець месца ў творчасьці саматужных мастакоў. Шкада толькі, што дзяржава не зацікаўленая, каб дапамагчы”.

Ушанаваньне памяці змагара за свабоду, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША вітае таксама гісторык Анатоль Грыцкевіч. Аднак Тадэвуш Касьцюшка, як і многія іншыя беларускія дзеячы, вартыя больш годнага да сябе стаўленьня з боку грамадзкасьці і ўладаў, кажа спадар Грыцкевіч:

“Помнікі Касьцюшку павінны быць ня толькі ў Старых Дарогах у музэі Анатоля Белага – ён правільна робіць. Але павінны быць і ў нас, у Менску, і ў іншых гарадах. У нас яшчэ будзе такая задача ў будучыні: замест помнікаў савецкай эпохі, многія зь якіх да Беларусі ўвогуле ня маюць дачыненьня, паставіць помнікі такім дзеячам. Калі з вайскоўцаў, дык трэба было б і Льву Сапегу, і Канстанціну Астроскаму, і іншым”.

• Імёны Свабоды: Тадэвуш Касьцюшка
XS
SM
MD
LG