Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Севярынец: “Грамадзянскасьць дапамагае знаходзіць сябе”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Мы працягваем знаёміць вас з грамадзкім рэдактарам Радыё Свабода на гэтым тыдні, настаўніцай зь Віцебску Тацянай Севярынец. Учора Тацяна Севярынец расказала, якімі ёй бачацца калегі-пэдагогі. Тэма сёньняшняй размовы – сучасныя школьнікі, маладыя людзі.

Уліцёнак: “У вас вялікі пэдагагічны стаж. Чым сёньняшнія дзеці адрозьніваюцца ад учорашніх?”

Севярынец: “Сёньняшнія больш цікаўныя. І як ні дзіўна, яны бліжэйшыя да настаўнікаў, чым першыя мае вучні. Другое. Цяпер такі час, калі моладзь падзяляецца на тых, хто прыстасаваўся, і тых, хто ня хоча прыстасоўвацца”.

Уліцёнак: “А чаму ўсё ж маладыя ў масе сваёй асьцерагаюцца палітыкі – зноў жа мэркантылізм?”

Севярынец: “Падлеткі, што пакуль не абралі свайго шляху, шмат у чым залежаць ад бацькоў. А нехта нацэліўся на адукацыю, і яму зразумела: адна рэч, калі ты ўступіш, напрыклад, у “Малады фронт”, а іншая – у БРСМ. У першым выпадку жыцьцё ягонае моцна ўскладняецца...”

Уліцёнак: “Ці не калечыць публічная грамадзянскасьць лёсаў маладых людзей?”

Севярынец: “Як можа скалечыць грамадзянскасьць Настачкі Палажанкі? Ёй чарвячае шчасьце не патрэбнае – каб нейкі там дом, лецішча ці машына добрая... Ёй гэтага мала, ёй патрэбен увесь сьвет. Ды хіба адна Настачка такая? Каго з маладафронтаўцаў ні вазьмі – у іх вочы зьзяюць, у іх твары іншыя! Не, лёсаў сваіх яны не ломяць – гэтыя знойдуць сябе ў жыцьці”.

Уліцёнак: “Вашая парада маладым людзям”.

Севярынец: “Памятаць і разумець: ты нарадзіўся менавіта на беларускай зямлі – не ў Кітаі, не ў Індыі...”

Уліцёнак: “І да чаго вы прыгадалі гэтых веліканаў?”

Севярынец: “Бог паслаў цябе сюды невыпадкова. Ты – кропачка з гэтай маленькай краіны. А як яна маленькая, дык тваё значэньне вельмі вялікае: ты не адзін з многіх, а – адзін. Ты адзін і адзіны!”

• Грамадзкі рэдактар тыдня – настаўніца зь Віцебску Тацяна Севярынец, 15.10.2007

Найцікавейшыя матэрыялы панядзелка на сайце svaboda.org паводле Тацяны Севярынец:

В.Вячорка: “Учорашняя акцыя была пробай сілаў перад наступным годам” Эўрапейскі марш. Фотарэпартажы нашых карэспандэнтаў. 10 Эўрапейскі марш. Вашы фотарэпартажы. 1 Любамір Рэгак: “Мы задаволеныя, што марш прайшоў мірна” Прапанова А.Лукашэнкі “Газпрому” бессэнсоўная бяз згоды Польшчы
XS
SM
MD
LG