Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: Станіслаў Кавалеўскі на волі


Радыё Свабода Старшыню моладзевай суполкі незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галінаў гаспадаркі Станіслава Кавалеўскага (на здымку) вызвалілі з-пад варты ў судовай залі Ленінскага суда Магілёва. Судзьдзя Ірына Сарока пастанавіла пакараць актывіста трыма суткамі адміністрацыйнага арышту. Гэтае пакараньне Станіслаў Кавалеўскі адседзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня да суду.

Станіслава Кавалеўскага затрымалі ў пятніцу а палове на васямнаццатую гадзіну блізу ягонага дома. Міліцыянты зьвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта на прыпынку грамадзкага транспарту спраўляў фізіялягічную патрэбу, а пасьля заўвагі міліцыянтаў абрынуўся на іх з лаянкай.

Пра сваё затрыманьне Станіслаў Кавалеўскі здолеў паведаміць свайму сябру Андрэю Дзьвігуну толькі праз шэсьць гадзінаў, калі яго ўжо афармлялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Паводле хлопца, міліцыянты не давалі яму раней паведаміць, дзе ён.

У судзе Станіслаў Кавалеўскі вінаватым сябе не прызнаў. Сваё зьняволеньне ён патлумачыў палітычнымі матывамі.

“Мяне затрымалі, каб я не паехаў на “Эўрапейскі марш”, зазначыў у судзе актывіст.

Суд праходзіў з адвакатам. Супраць Станіслава Кавалеўскага сьведчылі двое беспрацоўных, Міхаіл Зайцаў ды Аляксандар Цімошчык. Абодва зьявіліся ў суд без пашпартоў.

Зайцаў і Цімошчык нібыта бачылі, як хлопец зьдзяйсьняе правапарушэньне, і добраахвотна выклікаліся быць сьведкамі. Іхныя паказаньні адрозьніваліся ад таго, што яны пісьмова тлумачылі ў міліцыі. Яны ня здолелі прыгадаць, на якой мове размаўляў зь міліцыянтамі Кавалеўскі. Не маглі яны прыгадаць і дэталяў затрыманьня.

Пасьля выступаў Зайцава і Цімошчыка адвакатка запатрабавала ў суду прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці за непраўдзівыя паказаньні. Гэтыя паказаньні, зазначыла адвакатка, сьведчаць, што Зайцава і Цімошчыка на месца меркаванага правапарушэньня не было.

Станіслаў Кавалеўскі даводзіў суду, што яго затрымалі за 200 мэтраў ад прыпынку грамадзкага транспарту. Паводле актывіста, яго затрымліваў міліцыянт у цывільным.

Суд дапытаў і міліцыянтаў Дзьмітрыя Лісава, які затрымліваў Кавалеўскага, ды Ігара Зайцава, які праводзіў асабісты дагляд затрыманага. Міліцыянты ўпарта цьвердзілі, што актывіст зьдзейсьніў правапарушэньне.

Судзьдзя Ірына Сарока палічыла довады абвінавачваньня дастатковымі, каб пакараць адміністрацыйным арыштам Станіслава Кавалеўскага. Довады ж Кавалеўскага і ягонай адвакаткі судзьдзя назвала абраным спосабам самаабароны.

Станіслаў Кавалеўскі вучыцца на другім курсе гістарычнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Куляшова. У яго сярэдняя пасьпяховасьць. Ён упэўнены, што сур’ёзных наступстваў праз затрыманьне ў яго ва ўнівэрсытэце ня будзе, і што ён нагоніць прапушчанае.

У Магілёве затрыманы моладзевы актывіст Станіслаў Кавалеўскі, 13.10.2007
XS
SM
MD
LG