Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель Пуціну: для супрацоўніцтва Эўропы і Расеі важныя правы чалавека


Радыё Свабода У нямецкім Візбадэне ў рамках нямецка-расейскіх міжурадавых кансультацыяў адбыліся перамовы паміж Ангелай Мэркель і Уладзімірам Пуціным. Пасьля іх завяршэньня ў часе заключнай прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімір Пуцін запэўніў прысутных у далейшай непарыўнасьці дачыненьняў паміж яго краінай і Эўропай, а Ангела Мэркель зазначыла, што для ўмацаваньня гэтага супрацоўніцтва вельмі істотным ёсьць стаўленьне да такога пытаньня як правы чалавека.

Напярэдадні з заклікам “не маўчаць” ў часе гэтай сустрэчы да Мэркель зьвярнуліся нямецкія “зялёныя” палітыкі. Дэпутат бундэстагу і экспэрт у галіне правоў чалавека Фолькер Бэк заявіў, што Ангеле Мэркель трэба засьцерагчы Пуціна ад парушэньняў расейскай Канстытуцыі. На думку нямецкага парлямэнтара, шмат сьведчыць пра тое, што Пуцін настроены на негвалтоўны канстытуцыйны путч з тым, каб у выніку застацца на прэзыдэнцкай пасадзе.

З крытыкай унутранай і міжнароднай палітыкі Пуціна выступіў таксама і кіраўнік камітэту па зьнешняй палітыцы бундэстагу Рупэрт Поленц. Аналізуючы ўнутраную палітыку Пуціна, Рупэрт сказаў пра атмасфэру запалохваньня, якая пануе ў Расеі. Размова ідзе пра правы чалавека, свабоду мэдыяў, дзейнасьць няўрадавых арганізацый і г.д. Рупэрт таксама заявіў, што ў сваёй вонкавай палітыцы расейскі лідэр ідзе на павелічэньне канфліктаў і супярэчнасьцяў, прычым паўсюль, дзе толькі можна. У выніку Расея зусім не імкнецца набываць новых сяброў.

“Захад калісьці вельмі памыліўся у Пуціне”

Як усё часьцей рэзюмуюць нямецкія палітыкі, Захад калісьці вельмі памыліўся у Пуціне. Прыкладна такога ж меркаваньня прытрымліваюцца і іх амэрыканскія калегі. Камэнтуючы вынікі апошніх расейска-амэрыканскіх перамоваў у Маскве, назіральнікі адзначаюць, што бакі так і не дасягнулі кампрамісу ў пытаньні разгортваньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны ва Ўсходняй Эўропе.

Сёньня ж расейскі кіраўнік накіруецца зь Нямеччыны ў Іран, дзе возьме ўдзел у саміце Касьпійскіх дзяржаваў. Нягледзячы на трывожны сыгнал пра маючую падрыхтоўку замаху на расейскага кіраўніка ў Іране, пра што ўчора паведамілі многія СМІ, крамлёўскі кіраўнік не зьбіраецца адмаўляцца ад удзелу ў касьпійскай сустрэчы.

Тым часам сёньня ж з заявай на гэты конт выступіла кіраўніцтва МЗС Ірану. Інфармацыя пра замах, якая зьявілася ў СМІ, названая ў заяве “беспадстаўнай”.

М.Бялых: “Тое, што робяць дэмакратычныя сілы Беларусі, вельмі важна і для Расеі”, 14.10.2007 Гары Каспараў: Пуцін дзейнічае, як Лукашэнка, 11.10.2007 “Такое ўражаньне, што Пуцін проста зьдзекуецца...”, 8.10.2007
XS
SM
MD
LG