Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя лідэры — пра вынікі “Эўрапейскага маршу”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў рэгіёнах Беларусі актывісты апазыцыі абмяркоўвалі вынікі “Эўрапейскага маршу”. Многія зь іх лічаць, што, насуперак перашкодам з боку мясцовых уладаў, акцыя была пасьпяховай.

У дзень “Эўрапейскага маршу” супрацоўнікі міліцыі і КДБ затрымалі ў рэгіёне пятнаццаць актывістаў апазыцыі, кажа старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі. На загад улады напярэдадні сканфіскавалі 5 тысяч асобнікаў газэты “Товарищ”.

Беларуская ўлада не імкнецца нармалізаваць дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам

“Падзеі, што адбываліся на Берасьцейшчыне, — кажа Зьміцер Шыманскі, — перадусім пацьвердзілі, што беларуская ўлада не імкнецца нармалізаваць дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам. Перашкаджалі спробам распаўсюджваць інфармацыю пра дазволеную акцыю. Паводле надуманых і сфальшаваных абвінавачаньняў асуджалі найбольш актыўных прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. І сёньня ў Берасьці адбываецца суд”.

Улада хлусіла пра купленых удзельнікаў на акцыях апазыцыі

Старшыня Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Марголін зьвяртае ўвагу на тое, што на Меншчыне цяпер больш як трыццаць сяброў апазыцыі пазбаўленыя працы. “Сапраўдная сытуацыя абвяргае хлусьню ўлады аб нібыта купленых удзельніках на акцыях апазыцыі”, — лічыць Леанід Марголін.

“Гэта насамрэч праблема. Да прыкладу, мне тэлефанавалі актывісты з Клецку, Слуцку. Яны кажуць: “Мы ўсёй душою там — на маршы, але, скажам, каб даехаць ад Клецку да Менску і вярнуцца назад, патрэбна 30 тысяч рублёў. Для беспрацоўных ці часткова занятых гэта вельмі сур’ёзная праблема”.

У Бабруйску супрацоўнікі спэцслужбы запалохвалі дэмакратычных актывістаў

Сябар руху “За Свабоду” Алесь Чыгір з Бабруйску гаворыць, што разам зь ім у Менску былі землякі-студэнты:

“У нас, у Бабруйску, гэтых людзей выклікалі ў КДБ на так званае апытаньне. Ужо нават такая форма прыдуманая. Супрацоўнікі спэцслужбы проста запалохвалі дэмакратычных актывістаў на месцах. Што тычыцца вынікаў маршу, то, на мой погляд, была дасягнутая галоўная мэта — дэмакратычныя сілы далі сыгнал Эўразьвязу, што беларусы жадаюць быць у Эўропе”.

• Ці прыедуць рэгіянальныя актывісты на “Эўрапейскі марш”?, 10.12.2007
XS
SM
MD
LG