Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пайшла на Эўрапейскі марш, каб быць побач зь беларусамі-патрыётамі”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 15 кастрычніка, панядзелак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

“Салідарна з усімі, хто ўдзельнічаў у Эўрапейскім маршы ў Менску”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Сёньня я слухаю, як па радыёкропцы выступае Лукашэнка. І ўсё Расея, Расея, Калінінград наш будзе… Калінінград – гэта нямецкі горад. Трэба патрабаваць, каб яны аддалі яго назад немцам. Гэта не яго горад. Тут Эўропа, мы ідзем да Эўропы. Мы ня пойдзем да Расеі”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу яшчэ раз сказаць, што я рада, бо прайшоў Эўрапейскі марш. Гэта наша падтрымка. Дзякую ўсім эўрапейскім людзям і нашым, якія выйшлі. І я адчуваю сябе з кожным днём лепей”.

Спадар: “Хачу распавесьці пра правакацыю, якую рабілі невядомыя падчас сёньняшняга маршу. Перад Акадэміяй навук мне далі ўлётку “Навошта нам трэба Эўразьвяз?” Улётка вялікая. Заканчваецца яна так: “Вырашай зь кім ты: з эўрапейскімі бюракратамі ў іх барацьбе супраць моладзі ці з народамі Эўропы супраць свайго і эўрапейскіх урадаў. Вырашай сам, пакуль за цябе не вырашылі іншыя...”

Спадарыня: “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Салідарна з усімі, хто ўдзельнічаў у Эўрапейскім маршы ў Менску. Я сачыла за падзеямі з далёкай Нямеччыны. Асабліва прыемна, што ў маршы ўдзельнічалі людзі рознага ўзросту. Яны дэманструюць сваю прыхільнасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, да дэмакратычных прынцыпаў. Яны мараць не пра “чаркі і скваркі,” а пра годнае месца нашай Бацькаўшчыны ў сям’і эўрапейскіх народаў. У такія дні, як сёньня, я ўпэўненая, вельмі няўтульна адчувае сябе наш прэзыдэнт і ягоная сьвіта, таму што мы – сіла, мы –моц! З намі разам Эўропа, хрысьціянскія каштоўнасьці і цьвярозы сэнс! Жыве Беларусь!”

”Я ўпэўнены, што ў Эўрапейскім маршы прыняло ўдзел, які мінімум, тысяч 10”

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”! Я сёньня хадзіў на Эўрапейскі марш, і мне цікава, чаму я там ня бачыў і ня чуў Калякіна. Гэта вялікі дэмакрат. Як гэта ён пазьбегнуў гэта мерапрыемства? Дзякуй”.

Камэнтар кіраўніка Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна.

Калякін: "Я быў на Эўрапейскім маршы ад самага пачатку да самага канца: ішоў да Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі Навук, а пасьля быў на плошчы Бангалор".

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Я вельмі за рады за нашых маладых будучых герояў Беларусі, якія зоймуць месца ў кіраўніцтве Беларусі. Я ўпэўнены, што ў Эўрапейскім маршы прыняло ўдзел, які мінімум, тысяч 10. Каля Акадэміі навук нас было напачатку тысяч 5, але калі прыйшла калёна ад плошчы Кастуся Каліноўскага, нас было ўжо ня менш, чым 10 тысяч. Я вельмі рады за нашу моладзь, якая рашуча пайшла па цэнтральнай вуліцы, і мы дайшлі калёнай да Валгаградзкай вуліцы, а потым калёну павярнулі назад. Яшчэ раз вялікі Вам дзякуй, героі Беларусі, за тое, што перасталі зьвяртаць увагу на міліцыю. Бог быў з намі. Ён даў нам выдатнае надвор’е. Будзем спадзявацца на хуткую зьмену ўлады. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода!” Пайшла сёньня на Эўрапейскі марш, каб быць побач зь беларусамі-патрыётамі, якія, рызыкуючы ўсім, змагаюцца за свабоду, Бацькаўшчыну, каб быць побач з гэтай цудоўнай моладзьдзю – добра выхаванай, адукаванай, якая размаўляе на сваёй роднай мове. У які ўжо раз пабачыла на свае вочы, а не ў кіно, як наша моладзь абараняе сваю Радзіму, сваю мову і ўсіх нас. Вось яны, гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі, робяць так, што ў хуткім часе Беларусь будзе цывілізаванай, эўрапейскай краінай. Выказваю павагу нашай мужнай моладзі і іх бацькам. Жыве Беларусь!”

“Мяне парадавала мора бел-чырвона-белых сьцягоў і сьцягоў Эўразьвязу”

Ніна Аляксееўна, пэнсіянэрка, Менск: “Дарагое маё Радыё Свабода! Сёньня я ехала на 37-м тралейбусе, каб крыху абагнаць – я старая, мне павольна ішлося – і раптам кіроўца 37-га гучна аб’яўляе на ўвесь тралейбус: “Прабачце, хто сьпяшаецца, можа ісьці пешкі. З-за мясцовых нацыяналістаў я спыняю тралейбус. Яны перашкаджаюць”. Як гэта зразумець?”

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”. У кватэры холадна, хаця БТ запэўнівае, што ўсё добра, усё ідзе па пляну. За дзень да Эўрапейскага маршу вельмі моцна прастудзіўся. Але я сам сабе сказаў: калі прапушчу Эўрапейскі марш, да якога я рыхтаваўся, то ніколі не дарую самому сабе, і пайшоў. Прабыў, дакладней пратрымаўся на вуліцы, з 13.30 да 17.30. Ня буду паўтараць тое, што ўжо прагучала на хвалях “Свабоды”. Мяне парадавала мора бел-чырвона-белых сьцягоў і сьцягоў Эўразьвязу. Я і сам прыйшоў са сьцягам. Да Акадэміі навук я прыйшоў са знаёмым. Людзі толькі пачыналі зьбірацца. Я запытаўся: “Колькі зараз тут чалавек?” Ён адказаў: “Каля 30”. Я сказаў: “70”. Палічылі: 126 чалавек. Таму я ўпэўнены, у Эўрапейскім маршы прымала ўдзел ня 3-5 тысяч, а значна больш. Гэта лічба значна заніжаецца ў 3-5 разоў. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Шмат было размоваў пры падрыхтоўцы так званага Эўрапейскага маршу. ”І вось. Калі ён прайшоў, хачу спытаць у арганізатараў Мілінкевіча, Лябедзькі – чаму сярод дэманстрантаў аказалася так шмат хуліганаў, якія сваімі паводзінамі Вас прынізілі. У Дзень маці мне сорамна за такіх маці, якія нарадзілі і выхавалі такіх дэбашыраў. Хіба гэта будучыня Беларусі?”

Адказвае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька

Лябедзька: "Людзі, якія прыйшлі на "Эўрапейскі марш", яны розныя. Бальшыня людзей, прыйшла, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасьць да прапановаў Эўрапейскага зьвязу і каб сказаць, што ў трэба рабіць эўрарамонт беларускага дому. Натуральна, што некалькі дзесяткаў людзей паводзілі сябе экстрэмальна. Я таксама не ўхваляю такія паводзіны – спробу выйсьці на праезную частку, калі можна было ісьці па тратуары і ніхто не перашкаджаў".

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дарагія сябры, добрай ночы. 14 кастрычніка для мяне сьвяточны і радасны дзень. Я ня толькі ўдзельнічала ў Эўрапейскім маршы, але і змагла правесьці мітынг на плошчы Бангалор. У выніку атрымала шмат словаў падзякі ад прысутных людзей і вельмі задаволена тым”.

Міхаіл, Менск: “Я быў учора на Маршы Свабоды, Эўрапейскім маршы. Усё добра праходзіла. Міліцыя спала, гэта для іх выходны. АМАП накопліваў сілы. Адным словам, уся акцыя прайшла добра. Шкада, што няма інфармацыі. Людзі ня ведаюць, калі, дзе ўсё будзе адбывацца. Ва ўладаў друк, радыё, тэлебачаньне. Не пашкодзіла б арганізатарам, апазыцыі, даваць больш інфармацыі народу. Улёткі ў паштовыя скрынкі раскідаць. Людзі ж ня ведаюць нічога, дзе што адбываецца. Пайшлі б многія людзі. Я думаю, што калі б было больш інфармацыі, больш людзей выйшла б на вуліцы. Я веру ў гэта. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG