Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Беларусы, ня давайце краю свайго на паталу барбарам”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 15 кастрычніка ў розныя гады.

“Dziennik Wilenski” ў 1907 годзе надрукаваў такую аб’яву: “Вялікія гадзіньнікі-люстэркі для туалетаў з цыфэрблятам, які сам сьвеціцца, што дае магчымасьць лёгка ўбачыць час уначы, з далікатнай і прыемнай музыкай, якая доўга грае разнастайныя фрагмэнты — вальсы, полькі, мазуркі, кракавякі, опэры і народныя песьні. Такі гадзіньнік упрыгожвае жытло. Кошт усяго 5 руб. 50 кап., такі самы зь вечным календаром, што паказвае дзень, дату і месяц, — 7 руб. 50 кап., такі самы з календаром, чарнільніцай і тэрмомэтрам — 9 руб. 50 кап.”.

На старонках “Вольнай Беларусі” ў 1917 годзе Язэп Лёсік піша: “Беларусы, ратуйце айчыну нашу ад заразы цэнтру і ня давайце краю свайго на паталу барбарам, хоць-бы то былі і маскоўскія сацыялісты... Разгарнеця кнігу ўласнай гісторыі і адтуль набірайцеся сілы, знацьця і разумнага дасьледу. Айчына наша спакон веку жыла ўласным жыцьцём, і ўсе народы цешыліся самабытнасьцю, воляй і фэдэрацыйнай дзяржаўнасьцю. Чытайце гісторыю продкаў сваіх, шукайце парады ў дзядоў вашых!..”

За подпісам А.Культурнік “Сялянская ніва” ў 1927 годзе друкуе: “Пасьля ліквідацыі ў сваім часе каля 400 беларускіх школ асталася толькі адна беларуская пачатковая школа ў Вільні. І вось, у сёлетнім школьным годзе, тыя самыя школьныя ўлады, якія, быццам, закладаюць 19 новых беларускіх школ, прыслалі вусны загад перайсьці ўва ўсіх клясах у адзінай дагэтуль беларускай школе ў Вільні на выкладаньне ў польскай мове, а беларускую мову пакінуць толькі як прадмет”.
XS
SM
MD
LG