Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: міліцыя адмаўляецца заводзіць справу супраць РНЕ


Радыё Свабода, Віцебск Сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў адмоўны адказ з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, які разглядаў ягоную скаргу на пісьмовыя пагрозы невядомых асобаў ад імя віцебскай філіі арганізцыі “Русское национальное единство”. 15 жніўня адразу чацьвёра віцебскіх дэмакратычных актывістаў атрымалі на свае хатнія адрасы аднолькавыя лісты, якія пачыналіся зваротам “Мірон!”, а канчаліся словамі “калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвона-белую анучу, мы цябе пакараем”. Міліцыянты адмовіліся пачынаць крымінальную справу і шукаць аўтара лістоў.

Лісты з пагрозамі атрымалі беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяржук Каваленка, а таксама выконаўца абавязкаў старшыні абласной арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Таўпыга і сябра гэтай партыі Ян Дзяржаўцаў. З усіх чатырох толькі спадар Дзяржаўцаў падаваў скаргу ў пракуратуру, прыклаўшы атрыманы ліст з выявай баевіка-фашыстоўца і лёзунгам “Очистим Россию!”.

Актывіст патрабаваў, каб супраць тых, хто рассылае лісты з пагрозамі, да таго ж ад імя не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа. Пракуратура пераслала скаргу Дзяржаўцава ў Чыгуначны райаддзел міліцыі, і ўчастковы інспэктар Яўген Кацкевіч праводзіў праверку выкладзеных у ёй фактаў.

Вынікі праверкі аказаліся такія, што крымінальную справу, паводле меркаваньня міліцыянтаў, пачынаць няма сэнсу. Па-першае, з прычыны таго, што РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі і, знакам тым, факты сяброўства ў ёй даказаць немагчыма. Па-другое, на думку міліцыянтаў, пагрозы нібыта адрасаваныя перадусім “Мірону”, а ня Яну Дзяржаўцаву.

Ян Дзяржаўцаў не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары лістоў зьвяртаюцца да яго ды іншых актывістаў як да легендарнага Мірона. Але з тым, што яму асабіста нібыта ніхто не пагражае, ён ня згодны:

“Тое, што яны ведаюць мой хатні адрас, ужо пагражае мне небясьпекай – і мне, і маёй сям’і. І я ўвесь час у чаканьні: жонка вяртаецца з працы позна ўвечары, сын – з вучобы, і невядома, як кажуць, за якім вуглом каторага з нас чакаюць. Таму я буду падаваць скаргу ў абласную пракуратуру. Няхай шукаюць тых, хто пагражае, а не складаюць адпісак!”

Дарэчы, аўтары лістоў аднекуль ведаюць адрасы і іншых віцебскіх актывістаў. Высьветлілася, што на ўсіх чатырох капэртах зь лістамі ад РНЕ напісаны зваротны хатні адрас віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. Ён таксама падаў скаргу ў пракуратуру – пра тое, што ня мае дачыненьня да РНЕ і лічыць згадваньне свайго адрасу правакацыяй. Адказу з пракуратуры спадар Левінаў пакуль што не атрымаў.

Цягам гэтага году падобныя лісты з пагрозамі ад імя мясцовай філіі РНЕ былі дасланыя старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алене Залескай, рэдактару газэты “Витебский курьер” Уладзімеру Базану і кіраўніцы літаратурнага аддзелу тэатру “Лялька” Вікторыі Дашкевіч.

Праваабаронца Леанід Сьвецік дапамагаў і Яну Дзяржаўцаву, і гэтым людзям складаць заявы ў пракуратуру і міліцыю. Але й раней міліцыянты адмаўляліся распачынаць крымінальныя справы на той падставе, што аўтараў лістоў знайсьці нібыта немагчыма.

“Такія лісты атрымліваюць людзі ўжо ня першы раз – і з пагрозамі, і з брыдкімі патрабаваньнямі, – расказвае праваабаронца. – Але ж міліцыя ў кожным выпадку сьцьвярджае, што РНЕ – гэта незарэгістраваная арганізацыя, таму аўтараў знайсьці немагчыма. Хаця што да “Маладога фронту”, дык аднекуль усіх актывістаў міліцыянты ведаюць ды караюць іх і штрафамі, і арыштамі. Верагодна, тут адыгрывае ролю палітыка”.

Паводле праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, у рамках крымінальнай справы пошукі вінаватых праводзіліся б больш грунтоўна. Да прыкладу, можна было б зрабіць экспэртызу почырку, праверыць адбіткі пальцаў на капэртах і лістах. Аднак міліцыя чарговы раз адмовілася гэтым займацца.

• Віцебск: РНЕ рассылала лісты ў капэртах са зваротным адрасам праваабаронцы, 25.08.2007 • Віцебск: расейскія фашысты пагражаюць Мірону, 20.08.2007 • РНЕ патрабуе, каб віцебскі тэатар перайшоў на расейскую мову, 29.11.2006 • Недзяржаўнай газэце “Витебский курьер” пагражае РНЕ, 14.08.2006 • РНЕ даслала ліст з пагрозамі старшыні віцебскай арганізацыі АГП, 19.07.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG