Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Карбалевіч: “Усе гульцы апынуліся ў сытуацыі няпэўнасьці”


Радыё Свабода Якія асаблівасьці ў сёньняшняй апазыцыйнай акцыі? Чым яна адрозьнівалася ад папярэдніх? Меркаваньні аналітыка Радыё Свабода Валера Карблевіча.

Можна сказаць, што ў чымсьці “Эўрапейскі марш” быў традыцыйнай акцыяй апазыцыі. Звыклае месца збору, маршрут, месца мітынгу, традыцыйныя выступоўцы, традыцыйныя прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў, найперш у рэгіёнах. Хіба што падчас мітынгу больш гучала эўрапейская тэматыка.

Галоўнай жа асаблівасьцю сёньняшняй акцыі стаў незвычайны, нязвыклы лібэралізм уладаў, сілавых структураў. Дазволілі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, не пераносілі прыпынкаў грамадзкага транспарту. На працягу усёй акцыі не відаць было ніводнага спэцназаўца, толькі аўтаінспэктары рэгулявалі рух.

Прычыны такога адноснага лібэралізму трэба шукаць у той гульні з аб’яднанай Эўропай, якую распачаў афіцыйны Менск з пачатку гэтага году, адразу пасьля беларуска-расейскай нафтагазавай вайны. Гэтая гульня, спроба дыялёгу то ўзмацняецца, то затухае.

Тут трэба адзначыць яшчэ адну асаблівасьць сёньняшняй акцыі. У адрозьненьне ад папярэдніх вулічных шэсьцяў і мітынгаў, апазыцыі ўдалося зрабіць добрую прамоцыю “Эўрапейскага маршу”. Была добрая рэклямная кампанія, з выкарыстаньнем інтэрнэту. Прычым значная частка гэтай кампаніі была скіраваная на грамадзкасьць, палітычныя колы краінаў Эўразьвязу. То бок апазыцыі ўдалося ўключыцца ў гульню паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, зьвярнуць увагу эўрапейскай грамадзкасьці. У такой сытуацыі ўлады былі вымушаныя ў большай ступені, чым звычайна, лічыцца з пазыцыяй Эўразьвязу. Гэтым і тлумачыцца адносны лібэралізм.

Але тут выявілася яшчэ адна традыцыйная для беларускай апазыцыі зьява. Рэклямная кампанія на замежную аўдыторыю аказалася больш эфэктыўнай, чым на ўнутраную. На “Эўрапейскі марш” прыйшла звычайная колькасьць людзей – каля 5 тысяч чалавек. Прыйшлі тыя, хто звычайна ходзіць на такія акцыі. Тут нейкага прарыву апазыцыі дасягнуць не ўдалося.

Акцыя наўрад ці будзе мець наўпроставыя наступствы. Лідэры апазыцыі, арганізатары “Эўрапейскага маршу” разглядалі яго ня проста як аднаразовую акцыю, а як інструмэнт уплыву на зьмену сытуацыі, сродак ціску на ўладу дзеля дыялёгу. Быў накіраваны ліст намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта спадарыні Пяткевіч з адпаведнымі прапановамі.

Адна рэч, калі б гэта была піяр-акцыя дзеля атрыманьня апазыцыяй палітычных ачкоў. Іншая рэч, што частка апазыцыйных лідэраў сапраўды спадзявалася на магчымасьць дыялёгу. Віктар Івашкевіч – старшыня аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” – у адной зь нядаўніх перадач нашага радыё казаў, што на 30 % ён разьлічваў, што Пяткевіч пагодзіцца на сустрэчу з прадстаўнікамі апазыцыі. Больш за тое, Івашкевіч заявіў, што ў цяперашні момант патрабаваньні адстаўкі кіроўчых дзеячоў будуць разглядацца як прарасейскія. У гэтым сэнсе можна сказаць, што пасьля “Эўрапейскага маршу” засталіся вельмі невялікія шанцы да дыялёг.

Увогуле, можна канстатаваць, што ўсе цяперашнія гульцы на беларускім палітычным полі (улада, апазыцыя, Эўразьвяз, Расея) апынуліся ў сытуацыі няпэўнасьці і сытуацыі выбару.

У пэўным сэнсе пазыцыя беларускіх уладаў стане больш зразумелая пасьля “Сацыяльнага маршу”. Хачу нагадаць, што практычна ўсе сацыяльныя пікеты 30 верасьня былі забароненыя. Не выключаю, што лёс “Сацыяльнага маршу” станецца значна горшым, чым лёс “Эўрапейскага маршу”.
XS
SM
MD
LG