Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: канцэрт салідарнасьці зь вязьнем — заснавальнікам “Залатога шлягеру”


Радыё Свабода Ігар Лучанок, Анатоль Ярмоленка ды дзіцячы ансамбль “Вясёлка” выступілі перад асуджанымі магілёўскай папраўчай калёніі №18. Двухгадзінны дабрачынны канцэрт беларускія музыкі прысьвяцілі заснавальніку фэстывалю “Залаты шлягер” Уладзімеру Браілоўскаму, які адбывае пакараньне ў гэтай турме. Канцэрты салідарнасьці з Уладзімерам Браілоўскім у калёніі праходзяць рэгулярна.

Ігар Лучанок ды Анатоль Ярмоленка прыехалі ў Магілёў на “Залаты шлягер”. Ён пачаўся ў пятніцу і сёньня завяршыўся.

Былога дырэктара Магілёўскай філярмоніі Ўладзімера Браілоўскага ў асудзілі на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі пры канцы 2005 году. Яго зьвінавацілі ў фінансавых махлярствах.

Вырак Браілоўскаму ў Магілёве ўспрынялі неадназначна. Многія калегі хадзілі па чарзе на судовыя паседжаньні, каб падтрымаць яго. Музычная грамада Магілёва казала пра цяжкі час для мясцовай філярмоніі.

Зьняволеньне Браілоўскага нэгатыўна ўспрынялі й расейскія музыкі. У Магілёве доўга не было іхных выступаў. У матэрыялах крымінальнай справы згадваліся Філіп Кіркораў, Ігар Карнялюк, Яфім Шыфрын, а таксама санкт-пецярбурскі Тэатар клясычнага балету. Падчас расьсьледаваньня справы расейскія музыкі й не здагадваліся, што яны выступаюць сьведкамі абвінавачаньня.

Напярэдадні сёлетняга фэстывалю “Залаты шлягер” пра складанасьці ў дачыненьнях з маскоўскімі й санкт-пецярбурскімі музыкамі згадваў загадчык управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Сінкавец.

У турме Ўладзімер Браілоўскі загадвае бібліятэкай, піша песьні й працуе над кнігай.

На фота: Уладзімер Браілоўскі
XS
SM
MD
LG