Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж: “Мы прайшлі “Эўрапейскім маршам” па цэнтральным праспэкце Менску”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску праходзіць вулічная акцыя “Эўрапейскі марш”. У ёй узялі ўдзел паводле розных падлікаў ад 3 да 5 тысяч чалавек. Марш праходзіць пад лёзунгам эўрапейскага выбару Беларусі. Менскія ўлады дазволілі правесьці акцыю ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Аднак частка людзей сабралася на Кастрычніцкай плошчы, плянаваным раней месцы збору, і адтуль пайшлі праспэктам Незалежнасьці да Акадэміі навук.

А 14-й гадзіне адразу ў двух месцах Менску зьбіраліся людзі. Адна группа з паўтысячы чалавек на чале з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам ад Кастрычніцкай плошчы пачала рухацца ў бок Акадэміі навук.

Падчас руху да калёны далучаліся людзі, і неўзабаве ўжо больш за тысячу чалавек ішлі праспэктам. Яны несьлі нацыянальныя сьцягі й сьцягі Эўразьвязу. На плошчы Якуба Коласа частка людзей выйшла на праезную частку былога праспэкту Скарыны.

Тым часам на дазволеным месцы збору на пляцоўцы ля Акадэміі навук сабраліся некалькі тысяч чалавек.

Гучыць палянэз Агінскага. Людзі чакаюць калёну з Кастрычніцкай плошчы.

У старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава сьвяточны настрой:

“Учора было надвор’е са сьнегам, з дажджом, цяпер сонца — а гэта прыкмета таго, што мы пераможам”.

“Беларусь будзе ў Эўропе”

Дочкі Аляксандра Казуліна Вольга і Юлія трымаюць расьцяжку “Свабоду Казуліну”. Разам зь імі ідзе Сяргей Скрабец. Яго павітаў амбасадар Нямеччыны спадар Вайс. Побач жанчыны сьпяваюць беларускія песьні.

Тым часам да Акадэміі навук наблізілася калёна, што рушыла ад Кастрычніцкай плошчы. Частка людзей працягвала ісьці па праспэкце Незалежнасьці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.

Другая частка на чале зь лідэрамі палітычных партыяў засталіся на пляцоўцы ля Акадэміі навук, дзе адбыўся мітынг.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч падзякаваў усім прысутным за тое, што прыйшлі на “Эўрапейскі марш”:

“Беларусь будзе ў Эўропе. Мы пабудуем краіну, за якую ня будзе сорамна, — вольную, справядлівую, праўдзівую. Мы будзем у Эўропе. Нас часта пытаюцца: “Што прынясе нам вашая Эўропа?” Мы адбудуем Беларусь, у якой жыцьцё чалавека вышэйшае за інтарэсы дзяржавы. Толькі ў вольнай Эўропе мы захаваем сваю незалежнасьць”, — заявіў Аляксандар Мілінкевіч.

“Прапановы Эўразьвязу — для кожнага з грамадзянаў Беларусі”

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаварыў пра 12 прапановаў Эўразьвязу для Беларусі.

“Амаль год таму Эўразьвяз зрабіў 12 прапановаў. Некаторыя кажуць, што гэта прапановы для ўлады. Не, гэтыя прапановы для Беларусі й кожнага з грамадзянаў нашай рэспублікі. Мы кажам: “Так — прапановам Эўрапейскага Зьвязу”. Больш за тое, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пад кожную з 12 прапановаў распрацоўваюць праграмы і законапраекты”, — паведаміў Анатоль Лябедзька.

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі, былы палітвязень і каардынатар “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч казаў пра выбар, які давядзецца зрабіць беларусам — выбар паміж Азіяй і Эўропай.

“Мы прыйшлі сёньня на Кастрычніцкую плошчу і прайшлі “Эўрапейскім маршам” па цэнтральным праспэкце нашай сталіцы, каб паказаць волю беларускага народу — быць у адзінай Эўропе. Другі каардынатар “Эўрапейскай кааліцыі” Павал Севярынец цяпер асаджаны міліцыяй у кватэры сваіх бацькоў у Віцебску. Ён перадае вам сваё прывітаньне і кажа, што ён з вамі!” — заявіў Мікола Статкевіч.

Пасьля мітынгу — на Бангалор

Пасьля кароткага мітынгу адзін з арганізатараў “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч паведаміў, што заплянаваны на плошчы Бангалор мітынг не адбудзецца, бо ўлады не дазволілі ўсталяваць там гукаўзмацняльную апаратуру.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ заклікаў усіх прайсьці шэсьцем да плошчы Бангалор і гэтак прадэманстраваць свой эўрапейскі выбар.

Дадам, што на “Эўрапейскі марш” прыехаў лідэр расейскага Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых. За “Эўрапейскім маршам” назіралі дыпляматы краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG