Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім актывістам не даюць даехаць да Менску


Радыё Свабода, Віцебск Паўлу Севярынцу прынесьлі чарговую позву ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Першамайскага РАУСу. Ён мусіць зьявіцца туды сёньня аб 11-й гадзіне, або, як напісана ў афіцыйнай паперы, яго даставяць туды пад прымусам. Рэгіянальным актывістам замінаюць дабірацца ў Менск, выкарыстоўваючы іншыя сродкі: па дарозе іх спыняюць міліцыя або КДБ.

А 8-й раніцы супрацоўнік КДБ упільнаваў на аўтастанцыі ў Глыбокім мясцовага актывіста Яраслава Берніковіча. Актывісту было заяўлена, што да Менску ён не даедзе і што сёньняшні дзень яму давядзецца правесьці пад неафіцыйным "хатнім арыштам". У тым выпадку, калі ён праігнаруе папярэджаньне і ўсё ж будзе спрабаваць ад''ехаць, яго ўсё адно затрымаюць за якое-небудзь адміністратыўнае парушэньне.

А 9-й раніцы па дарозе на Менск міліцыянты затрымалі машыну, у якой ехаў Леанід Гаравы, актывіст з райцэнтру Гарадок. Як патлумачылі спадару Гаравому супрацоўнікі ДАІ, машына была спынена "па тэхнічных прычынах". Міліцыянты пачалі правяраць, ці яна часам ня скрадзеная, і гэтая праверка можа працягвацца некалькі гадзін – Леанід Гаравы не выключае, што да самага пачатку "Эўрапейскага маршу".

Дзьве машыны зь людзямі ў цывільным па-ранейшаму пільнуюць выхад з пад''езду ў доме, дзе жывуць Павал Севярынец і ягоныя бацькі. Тацяна Севярынец, маці палітыка, мяркуе, што "варта" пад пад''ездам будзе стаяць прыблізна да 11-й раніцы: сама меней 3 гадзіны патрэбна на тое, каб дабрацца з Віцебску да Менску.
XS
SM
MD
LG