Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Казулін: прайдзіце Маршам так, каб нашы мірныя крокі пачула ўся Эўропа


Радыё Свабода Прэсавая служба лідэра БСДП(Грамада), экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна распаўсюдзіла заяву зьняволенага палітыка. А.Казулін перадаў яе падчас нядаўняй сустрэчы з адвакатам.

Аляксандар Казулін заявіў:

“Мне грэе душу навіна, што людзі добрай волі зноў гатовыя выйсьці на маніфэстацыю нашага імкненьня да дэмакратычных свабодаў і эўрапейскай будучыні Беларусі. Я за магутную дэманстрацыю таго, што мы, беларусы, не дазволім нікому адгарадзіць нас ад эўрапейскай цывілізацыі, мы ёй належым стагодзьдзямі. Мы й расейцаў паклічам накіравацца гэтым годным шляхам.

Гэта сымбалічна – сабрацца ў сэрцы сталіцы нашай радзімы і прайсьці па галоўнаму праспэкту, каб было ўсяму сьвету зразумела, хто ў Беларусі імкнецца да перамогі. Упэўнены, прыхільнікі пераменаў, мае паплечнікі па партыі пройдуць упэўненай хадой, пад нашымі сьцягамі і сьмелымі лёзунгамі. Год таму ў гэтыя дні я рыхтаваўся да сваёй бестэрміновай галадоўкі – галадоўкі пратэсту супраць свавольля нелегітымнага прэзыдэнцтва Лукашэнкі, супраць парушэньня правоў чалавека ў краіне. Я гатоў быў аддаць сваё жыцьцё, і, слава Богу, што мой голас з-за кратаў тады дасягнуў сэрцаў і розумаў многіх суайчыньнікаў, сусьветнай супольнасьці, аж да ААН. Прайдзіце ж Маршам так, каб нашы мірныя, але цьвёрдыя крокі пачула ўся Эўропа!”
XS
SM
MD
LG