Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: ці пойдзеце вы на Эўрапейскі марш?


Галіна Абакунчык, Менск У нядзелю, 14 кастрычніка, ў Менску адбудзецца Эўрапейскі марш. Што ведаюць пра акцыю менчукі і ці будуць у ёй удзельнічаць?

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы пра Эўрапейскі марш, ці пойдзеце і чаму?”

Спадар: “Адназначна сказаць не магу, пайшоў бы, ці не. Але пытаньняў да кіраўніцтва краіны шмат”.

Спадарыня: “Не, я нікуды не зьбіралася і нічога пра гэта ня чула. І ўвогуле, я мала гляджу беларускіх навін”.

Юнак: “Я ўпершыню чую і думаю, што гэта дарэмная задума. Колькі ўжо было гэтых маршаў! Калі зараз выйдзе тысяч 60-80, то можа што і зьменіцца, а так гэта будзе безвынікова”.

Спадар: “Можа быць, нават і пайду. Бо пара ўжо, каб хоць нейкія перамены ў грамадзтве былі”.

Юначка: “Я пайду. Бо эўрапейскі шлях – гэта шлях дэмакратычны. Гэта тое, чаго не хапае нашай супольнасьці”.

Юнак: “Не, я пра гэта нічога ня чуў і не зьбіраюся туды ісьці. Мне гэта не цікава”.

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы пра Эўрапейскі марш, ці пойдзеце і чаму?”

Юнак: “Чуў, што ён будзе праводзіцца. Але я студэнт БДУ і не пайду. Без падрабязнасьцяў”.

Юначка: “Я не пайду. Бо я ня ведаю, зь якой мэтай ён праводзіцца. Натуральна, што гэта зьвязана з палітыкай. Але я гэтымі праблемамі не захапляюся, мне не цікава”.

Спадар: “Чуў, але яшчэ ня ведаю, ці пайду. Ад надвор’я залежыць”.

Спадарыня: “Нічога я ня ведаю. Але чую, як пэнсіянэры абураюцца, што ў іх ільготы адбіраюць. Нібыта ў верасьні студэнты і пэнсіянэры мусілі на вуліцу выйсьці, але ж нічога не чуваць”.

Карэспандэнтка: “А самі бы пайшлі?”

Спадарыня: “Супраць таго, што сказала – пайшла бы. Хоць я ніколі раней не хадзіла і заўсёды, заўсёды за Лукашэнку была. А зараз – за яго ж ніхто галасаваць ня будзе”.

Спадар: “Пэўна, пайду. Чаму? Бо надакучыла ў такіх умовах жыць. Патрэбныя перамены”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG