Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвангельскія хрысьціяне будуць маліцца за ахвяраў сталінізму


Паводле БелаПАН Япіскап Аб''яднанай царквы хрысьціянаў веры эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Сяргей Хоміч і яго намесьнік Сяргей Цвор заклікалі вернікаў правесьці 28 кастрычніка ў Беларусі малітву "аб дараваньні народу за грахі камунізму". "У гэты дзень у нядзельным набажэнстве няхай знойдзецца час для ўспамінаў той тугі і ганеньняў, якія зазналі нашы бацькі – вязьні за веру і ахвяры камуністычных рэпрэсій", — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту адзначаюць, што 70 гадоў таму Беларусь перажывала трагічны перыяд сваёй гісторыі. "Менавіта ў той час дасягнулі свайго піку рэпрэсіі, якія чыніў тут адзін з самых бесчалавечных рэжымаў, што калі-небудзь існавалі на зямлі. У ахвяру духу камунізму былі прынесены жыцьці 1,5 мільёна беларусаў. На працягу 1937—1938 гадоў у Беларусі было арыштавана ня менш чым 400 тысяч чалавек. Большасьць зь іх ніколі не вярнуліся дадому. За адну страшную ноч 29 кастрычніка 1937 году толькі ў Менску супрацоўнікамі НКУС было расстраляна каля 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі".

Паводле С.Хоміча і С.Цвора, гэтая сумная дата заслугоўвае асаблівай увагі. "Нас трывожыць, што цяпер спрабуюць сказіць сутнасць тых падзей і надаць гераічны арэол людзям, якія арганізавалі гэтыя страшныя беззаконнасьці, — адзначаецца ў звароце. — Ігнаруючы сумны вопыт мінулага, сёньня пры магутнай дзяржаўнай падтрымцы аднаўляюцца дзіцячыя і маладзёвыя арганізацыі з адкрыта пракамуністычнай ідэалёгіяй. Але патрыятызм і камунізм зьяўляюцца далёка не адным і тым жа. ...Толькі ўсьвядоміўшы віну і духоўна ачысьціўшыся ад яе пакаяньнем, мы, як народ, можам спадзявацца на Божую дапамогу ў адраджэньні Беларусі", гаворыцца ў звароце.

Як паведаміў БелаПАН пастар менскай царквы эвангельскіх хрысьціянаў "Ян Прадцеча" Антоні Бокун, удзельнічаць у малітве ўжо выказалі жаданьне вернікі Аб''яднаньня абшчын хрысьціянаў поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь.

Эрнэст Сабіла: “Гэта воля Божая, што падымаецца дух нацыі…”, 4.09.2007
XS
SM
MD
LG