Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГА” – 12 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ў часе прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных мэдыяў. Кіраўнік краіны выказаўся пра культ асобы Пуціна ў Расеі, пра тое, што ў беларускіх школьных падручніках больш няма пісьменьнікаў-нацыяналістаў, пра заробкі даярак, якія могуць сягаць 700 даляраў, а таксама пра сваё стаўленьне да алькаголю. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Пра пінжак бацьку асобнае дзякуй. І падумалася – ці ня той гэта сакрамэнтальна-харызматычны “блакітны пінжак” парвалі празьмерна экзальтаваныя менчукі, той самы, у якім бацька таньчыў на Кастрычніцкай плошчы 3 ліпеня?.. А я ўсё думаў, чаму бацька яго не надзявае? Бо ж ён яму так пасуе!”

“Пакуль ён такія пэрлы адпальвае – ня будзе яму канца... а слухачам... ён жа ж папросту зьдзекуецца, а слухачы – хто верыць, хто сьмяецца, а зрабіць нічога ня могуць...”

“Я стэнаграфавала апошнюю (ці перадапошнюю) тэлепрэс-канфэрэнцыю. Вельмі добра памятаю, як душылася ад сьмеху ўкраінская журналістка, атрымаўшы адказ на сваё пытаньне. Калі ня бачыць карцінку, дык наўрад ці можна было западозрыць яе ў такой рэакцыі... і разьюшанасьць Лукашэнкі, калі амэрыканская дама задала пытаньне пра Чарнобыльскую зону, я таксама памятаю. Чырвоны, з нэрвовымі рухамі, перабівае. Сапраўды, такое ў эфір пускаць нельга”.

На сайце незарэгістраванага руху "Бунт" абмяркоўваюць лёс моладзевага актывіста Дзяніса Дзянісава – ён нібыта не вяртае вялікую пазыку людзям, якія дапамаглі яму сабраць грошы для закладу, пакуль ён сядзеў у сьледчым ізалятары. Цяпер спадар Дзянісаў навучаецца ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Вось што пра гэта думаюць наведнікі сайту:

“Зганьбіў і Беларусь, і ўсіх нас. Цяпер цяжка будзе паверыць камусьці яшчэ й даць грошы пад заклад, альбо іншую добрую справу зрабіць”.

“Дурасьць гэта. Ня трэба было публікаваць такое, пакуль дакладна не вядома, дакладна! Бо пачнуцца цяпер выдумкі й дэманізацыя”.

“Што не вядома дакладна? Тое, што грошы так і не вярнуліся да сваіх гаспадароў? Ці тое, што Дзянісаў казаў пра тое, што іх у яго скралі, а потым расказваў іншым людзям, што яны ўсё-ткі ў Жанны Ямайкінай? Тут ніхто нікога не абвінавачвае, падаюцца факты. Ужо іхная інтэрпрэтацыя – у кожнага чалавека на ўласным розуме”.

Блогер Ant1killer піша ў сваім сеткавым дзёньніку пра тое, як у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі й радыёэлектронікі са студэнтаў зьбіраюць расьпіскі, што яны ня будуць удзельнічаць у Эўрапейскім маршы.

“Паперкі неабходныя выключна дзеля таго, каб паказаць, што “робяцца ўсе намаганьні”, – камэнтуе адзін з чытачоў блогу. – Ніякай юрыдычнай вагі яны ня маюць. Можа, нават, і цалкам “мясцовая” ініцыятыва, калі ўлічыць гэты момант”.

"Беларуская жаба" прапануе аматарам каляжаў і неверагодных фотаздымкаў чарговы шэдэўр – кадр зь перадачы БТ, інтэрвію з камандзірам спэцпадразьдзяленьня СОБР Зьмітром Паўлючэнкам. На заднім пляне, за сьпінай спадара Паўлючэнкі бачны плякат з выявай Чэ Гевары.
XS
SM
MD
LG