Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бяляцкі: “Нобэлеўская прэмія ў беларусаў абавязкова будзе”


Ігар Карней, Менск Сёньня Нобэлеўскі камітэт назваў перадапошняга ў 2007 годзе нобэлеўскага ляўрэата. Адной з самых прэстыжных у сьвеце прэміяў міру ўганаравалі былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Альбэрта Гора і Міжурадавую групу экспэртаў у зьмене клімату пры ААН пад кіраўніцтвам навукоўца з Індыі Раджэндра Пашаўры.

У заяве Нобэлеўскага камітэту адзначаецца бясспрэчны ўнёсак Альбэрта Гора і групы навукоўцаў ААН у кампанію барацьбы з глябальнымі кліматычнымі зьменамі, выкліканымі дзейнасьцю чалавека.

Сам Альбэрт Гор непасрэдна ўдзельнічаў у стварэньні дакумэнтальнага фільму “Нязручная праўда”, які атрымаў прэмію “Оскар”.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў пройдзе ў Осьлё 10 сьнежня.

Прэтэндэнты на прэмію міру былі самыя розныя: ад расейскага праваабарончага “Мэмарыялу” і актывісткі руху канадзкіх эскімосаў Шэйлы Ват-Клют’е да прадстаўнікоў Беларусі — праваабаронцы Алеся Бяляцкага і экс-сьпікера Вярхоўнага савету Станіслава Шушкевіча.

Час беларусаў яшчэ не прысьпеў

Алесь Бяляцкі кажа, што спакойна паставіўся да абвешчаных Нобэлеўскім камітэтам вынікаў, паколькі, мяркуе, ува ўсіх беларусаў аб’ектыўна не было высокіх шанцаў на перамогу:

“Тое, што сёлета аж чацьвёра беларусаў былі вылучаныя на Нобэля (у галіне літаратуры Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч, на прэмію міра — Станіслаў Шушкевіч і я), мне падаецца нечым надзвычайным.

Таму што сапраўды мы пачалі ўваходзіць у ўсясьветны грамадзка-культурна-палітычны кантэкст, што абсалютна нармалёва. Калі ідуць такія вылучэньні, то раней ці пазьней хтосьці прэмію атрымае, я ў гэтым перакананы. Але, можа быць, для гэтага запатрабуецца яшчэ некалькі гадоў.

Гэтым разам я вельмі спакойна да ўсяго гэтага ставіўся і расцэньваў шанцы ўсіх кандыдатаў ад Беларусі як даволі нізкія. Проста, мабыць, яшчэ і час не прысьпеў”.

З усёй чацьвёркі беларускіх вылучэнцаў толькі ў Станіслава Шушкевіча былі значныя гэтак званыя “нобэлеўскія тылы” – першага кіраўніка незалежнай Беларусі асабіста вылучаў экс-прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

Ляўрэатка прэміі за літаратуру – Дорыс Лэсынг з Брытаніі

Вылучаныя на прэмію беларускія літаратары Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч паспытаюць шчасьця на наступны год. Учора ў часе вызначэньня нобэлеўскага ляўрэата ў галіне літаратуры сымпатыі сябраў Швэдзкай Каралеўскай акадэміі былі на баку 88-гадовай брытанскай раманісткі Дорыс Лэсінг.

Сума Нобэлеўскай прэміі ва ўсіх шасьці намінацыях складае 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў, што эквівалентна 1,8 мільёну даляраў.

Апошні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, у галіне эканомікі, будзе названы 15 кастрычніка.

Нобэлеўскі ляўрэат-2007 - Дорыс Лэсінг, 11.10.2007 Названыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па фізыцы, 9.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG