Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: адмова ад саюзьніцкай палітыкі азначае палітычную сьмерць


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў прэс-канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў. Яна цягнулася амаль тры з паловай гадзіны. Як адзначылі некаторыя расейскія журналісты, Аляксандар Лукашэнка раскрыўся як палітык і як чалавек.

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў расейскае кіраўніцтва ў тым, што яно не гатовае да нармальных раўнапраўных саюзьніцкіх дачыненьняў. Таму й спынілася саюзнае будаўніцтва.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што Расея два гады таму пачала ў аднабаковым парадку выходзіць з дамоваў, падпісаных у рамках саюзу. Лукашэнка сказаў, што адмова ад саюзьніцкай палітыкі для яго азначае палітычную сьмерць.

"Так званая апазыцыя - гэта ўсе былыя. Але, на жаль, яны знаходзяць падтрымку ў самых высокіх колах Расеі”

“Я далёкі ад таго, што наша так званая апазыцыя бліжэйшым часам прыйдзе да ўлады. Яны ўжо былі. Гэта ўсе былыя. Але, на жаль, яны сёньня знаходзяць сваю падтрымку ў самых высокіх колах Расеі”.

Паводле Лукашэнкі, некаторыя асобы ў Расеі ўкараняюць рынкавыя дачыненьні ў Беларусі, каб “набіць кашалькі й стаць паўнапраўнымі гаспадарамі на беларускай зямлі”. Кіраўнік Беларусі сказаў, што не дапусьціць прыватызацыі важных прадпрыемстваў.

“Пытаньне ня ў тым, колькі будзе Беларусь плаціць за вуглевадароды. Пытаньне ў роўных цэнах. Калі цэны розныя, у вас ніжэй у два з паловай разы, чым у Беларусі, то такім чынам вы выпіхваеце нас са свайго рынку”.

"Мы будзем паміраць за Расею"

Адносна стасункаў з Эўразьвязам Аляксандар Лукашэнка сказаў:

“Абсалютны прыярытэт у нашых дачыненьнях — Расейская Фэдэрацыя. І як бы сёньня Расея ні спрабавала рабіць выгляд, што Беларусь ёй абыякавая, нічога не атрымаецца. Вазьміце разьмяшчэньне сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША ў Эўропе.

Асымэтрычны ці які яшчэ адказ Расеі — няўжо ён ляжыць не ў плашчыні Беларусі?! На каго вы тут можаце абаперціся? У вас што, на Захадзе ёсьць узброеныя сілы стрымліваньня, акрамя беларускай арміі? Няма.

Мы будзем паміраць за Расею, але будзем паміраць тут. Мы ня можам прапусьціць танкі празь сябе на Маскву”.

"Фрадкоў ні чорта не зрабіў"

Лукашэнка абураўся, што Расея павялічыла колькасьць памежнікаў на мяжы зь Беларусьсю і апошнім часам падштурхоўвала да дэмаркацыі мяжы:

“Ну чаго каштуе заява былога прэм’ера Фрадкова? Сядзеў, сядзеў, ні чорта не зрабіў і ў канцы свайго палітычнага жыцьця заявіў, што трэба выбудоўваць мяжу паміж Расеяй і Беларусьсю. Ну трэба — будуй.

І мы, як напярэдадні Другой усясьветнай, Вялікай Айчыннай, я ўжо як Сталін аб’явіў: не ідзіце на правакацыі, глядзіце, каб нас не абвінавацілі”.

Калі адна з журналістак запрасіла Лукашэнку прыехаць у Калінінградзкую вобласьць, ён сказаў:

“Вы ведаеце, тут нават таксама не ад мяне залежыць. Вельмі хваравіта некаторыя ўспрымаюць такога госьця, як Лукашэнка. У Расеі. На жаль”.

“Са школьных праграмаў на маю ініцыятыву былі прыбраныя ўсе нацыяналісты. Пісьменьнікі так званыя"

Адносна прыярытэтаў у культуры кіраўнік Беларусі заявіў:

“Са школьных праграмаў на маю ініцыятыву былі прыбраныя ўсе нацыяналісты. Пісьменьнікі так званыя. Тое, што з праграмаў выкінулі Талстога, Пушкіна, Дастаеўскага, Лермантава, мы ўсё вярнулі. У нас жа так было — гэта ня нашы пісьменьнікі. Як жа ня нашы? Калі яны ў нас жылі і многія творы ў нас у Беларусі пісалі”.

Лукашэнка заявіў таксама, што ў Беларусі й Японіі роўныя эканомікі. І што ён не прыхільнік дзікай (на ягоную думку) сыстэмы парлямэнцкіх выбараў у Расеі. Ён таксама адзначыў, што ў прэзыдэнта ня мусіць быць ніякіх сяброў.

“Я ўпэўнены, той курс, які мы праводзім, той курс, які вызначаны, — адзіна магчымы для Беларусі. Мы не згубілі кіраванасьці ў нашай краіне. Дзяржава ня выйшла ні зь якой сфэры”.

А.Лукашэнка выступіў перад расейскімі журналістамі, 12.10.2007
XS
SM
MD
LG