Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Зьміцер Салаўёў застанецца ў турме да заўтра


Радыё Свабода У Магілёве пачаўся суд над намесьнікам старшыні гарадзкой суполкі Партыі БНФ Зьмітром Салаўёвым. Партыйнага актывіста вінавацяць у дробным хуліганстве — ён нібыта спраўляў патрэбу на вуліцы Крыленкі, у цэнтры гораду.

Сёньня судзьдзя Ірына Сарока абвясьціла перапынак да адзінаццаці гадзінаў заўтрашняга дня. Зьміцер Салаўёў запатрабаваў адваката, а таксама настаяў на выкліку ў суд міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі.

Хадайніцтва задаволілі, аднак судзьдзя ня вызваліла Зьмітра Салаўёва з-пад варты. Да заўтра ён прабудзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Зьмітра Салаўёва затрымаў нарад міліцыі хуткага рэагаваньня сёньня а палове на першую гадзіну ночы каля ягонага дому. Ён вяртаўся з сустрэчы з актывістамі дацкай няўрадавай арганізацыі “Silba”, у якіх учора міліцыянты забралі пашпарты.

Зьміцер Салаўёў пасьпеў паведаміць пра затрыманьне сваёй жонцы Надзі:

“Я прыйшла ў аддзел міліцыі а першай гадзіне ночы, ён ужо там быў. Ён аддаў тэлефон свой і гаворыць, што на ім запісанае маё затрыманьне”.

“Мяне затрымалі, каб я ня ехаў на “Эўрапейскі марш”, — кажа Зьміцер Салаўёў. Актывіст называе затрыманьне палітычным, а ягоныя падставы абсурднымі.

“Канечне, гэта выключна палітычная справа, сфабрыкаваная са штатнымі сьведкамі, якія былі заўважаныя як сьведкі, калі судзілі актывістаў. Цяпер я зьбіраюся наняць адваката і весьці працэс, бо справа шытая белымі ніткамі”, — зазначыў “Свабодзе” Зьміцер Салаўёў пасьля першага судовага дня.

На суд як сьведкі абвінавачваньня зьявіліся двое маладых людзей — Аляксандар Гладкі ды Андрэй Гладынец, абодва былі ў цывільным. Хто яны, высьветліць не ўдалося, але ў Гладынца ў судовай залі нечакана спрацавала рацыя, адтуль пачуўся голас, які назваў лічбу “413”.

Што да двух прадстаўнікоў дацкай няўрадавай арганізацыі “Silba”, то пашпарты ім вярнулі. У Ленінскім аддзеле ўнутраных справаў, куды іх з гатэлю прывезьлі людзі ў цывільным, яны прабылі амаль тры гадзіны. Потым міліцыянты завезьлі іх на аўтавакзал і маршруткай адправілі ў Менск.

Як удалося высьветліць, амаль тры гадзіны ў грамадзянаў Даніі правяралі пашпарты.

Магілёў: у грамадзян Даніі міліцыянты забралі пашпарты, 11.10.2007 Магілёў: Уначы затрымалі Зьмітра Салаўёва, 12.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG