Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ двое моладзевых актывістаў пакарана арыштамі


Любоў Лунёва, Менск Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў арыштамі актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху Мікіту Сасіма й Паўла Юхневіча. Гэтыя арышты сябры затрыманых тлумачаць блізкім “Эўрапейскім маршам”.

Справы Паўла Юхневіча і Мікіты Сасіма разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Ад 10-й раніцы іх чакалі там сябры і паплечнікі. Але хлопцаў прывезьлі туды толькі ў 13 гадзінаў.

Гаворыць Яўген Сільвановіч:

“Мы спрабуем прыходзіць на ўсе суды, наколькі нам дазваляюць вучоба і праца. Намагаемся падтрымаць людзей маральна. Самі вельмі часта трапляем у такія сытуацыі. Ведаем, як прыемна бачыць твары сяброў. Мажліва, такія акцыі больш значаць за тыя, якія мы праводзім. Неабходныя праявы салідарнасьці менавіта ў такіх жорсткіх умовах”.

Міліцыянты не дазволілі перадаць затрыманым цёплыя рэчы і ваду. Яны ўтварылі жывы ланцуг і нікому не далі наблізіцца да Паўла і Мікіты. Калі журналісты паспрабавалі сфатаграфаваць затрыманых, міліцыянты закрывалі іх твары ад камэраў.

Марта Маісенка прыйшла ў суд, каб падтрымаць хлопцаў. Яна лічыць, што для іх важныя такія праявы салідарнасьці:

“Гэта тая падтрымка, якая адчуваецца. Трэба рабіць тое, што ты хочаш, каб зрабілі для цябе. Было б значна лепш, каб прыходзіла большая колькасьць людзей. Напрыклад, калі таго ж Сасіма раней судзілі, то прыйшло значна больш людзей. Тады й міліцыянты сядзелі ціхенька, забіўшыся ў куток”.

Судзьдзя Сьвятлана Любецкая заслухала паказаньні сьведак — супрацоўнікаў міліцыі Фрунзенскага раёну маёра Натальлі Цянунінай, капітана міліцыі Натальлі Булаўскай, опэрупаўнаважанага Максіма Ханецкага ды іншых.

Максім Ханецкі паведаміў, што быў са сваімі калегамі ў мікрараёне Сухарава, дзе за апошні час адбылося шмат кватэрных крадзяжоў. Паводле спадара Ханецкага, Мікіта і Павал падаліся яму падазронымі. Падчас затрыманьня ён пагражаў ім зброяй.

У судзе Ханецкі ня змог патлумачыць, зь якога ўваходу зайшоў у будынак міліцыі і ня ведаў імя кіраўніка раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў. Сказаў, што нядаўна там працуе. Пры гэтым міліцыянт сьведчыў, што затрыманыя нецэнзурна лаяліся, калі ішлі ў ягоны кабінэт.

Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду — 7 сутак арышту — Павал Юхневіч пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

“Мой арышт – адказ на тое, што апазыцыя прапанавала дыялёг. Некаторыя з кіраўнікоў спэцслужбаў з такім дыялёгам ня згодныя. Толькі гэтым я тлумачу іх дзеяньні”.

Максіма Сасіма арыштавалі на 5 сутак.

“Лічу, што гэта прэвэнтыўны арышт, зьвязаны з падрыхтоўкай да “Эўрапейскга маршу”.

Кіраўнік аддзелу аховы правапарадку міліцыі Фрунзенскага раёну Дзінас Лінкус забараняў размаўляць у калідоры з затрыманымі. Калі ён убачыў, што ў Мікіты Сасіма ў руках зьявіліся пакеты з вадой і ежай, то груба адабраў іх, пагражаючы хлопцу новым тэрмінам за непадпарадкаваньне.

Суд над моладзевымі актывістамі, Менск, 12.10.2007, Павал Юхневіч
Павал Юхневіч

Суд над моладзевымі актывістамі, Менск, 12.10.2007, Мікіта Сасім
Мікіта Сасім

Затрыманьні моладзі каля ўправы Партыі БНФ, 12.10.2007 Завяршылася сьледзтва ў другой крымінальнай справе З.Дашкевіча, 12.10.2007
XS
SM
MD
LG